Цыганкоў: «Стаўка на тое, што «рэжым непахісны і будзе стаяць яшчэ 20 гадоў, а таму трэба з ім дамаўляцца» – можа нечакана і радыкальна праваліцца»

Палітычны аглядальнік — пра прагматызм у дачыненні да беларускага рэжыму.

— У вечнай дыскусіі апошніх гадоў — вы за «ціск» альбо за «дыялог» — якая чарговы раз абвастрылася апошнія дні, хачу падсвяціць некалькі (як мне падаецца, не самых відавочных) нюансаў, — піша Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў

1.Геапалітычны аспект. Страшны геапалітычны кашмар для ЗША – пэўны саюз ці хаця б даволі моцнае палітычнае і энергетычнае супрацоўніцтва паміж Расеяй і Германіяй. Таму ад моманту развалу камуністычнай сістэмы амерыканцы моцна падтрымліваюць дзяржавы паміж Расеяй і Германіяй: краіны Балтыі, Польшчу, Чэхію, Славакію і Украіну.

Адпаведна, апошнія 30 гадоў гэта самыя праамерыканскія краіны ў Еўропе. Калі б Беларусь далучылася да гэтага ланцуга, было б яшчэ лепш для стрымлівання Германіі і Расеі, і адпавядала б геапалітычным інтарэсам ЗША.

2. Канстатуем, што ў апазіцыі сфармаваліся два меркаванні: за працяг ціску і за выхад на перамовы. І так неяк атрымалася, што найбольш рэзанансна за «перамовы» выступаюць людзі, якія на дадзены момант знаходзяцца ў Германіі, і маюць там добрыя сувязі сярод нямецкіх палітыкаў.

Таксама канстатуем, што палітыка Германіі ў Беларусі заўсёды адрознівалася ад палітыкі, напрыклад, Польшчы. Ганс-Георг Вік сапраўды ў канцы 1990-х раіў беларускім дэмакратам арыентавацца на дэмакратычную Расею. Менавіта Меркель сярод усіх заходніх лідараў мела найдаўжэйшы мядовы месяц з Пуціным.

Сёння на фоне агрэсіі Расеі ніякага прарасейскага сантыменту ў мэйнстрымнай нямецкай палітыцы не можа існаваць. Але пасля заканчэння вайны ён можа з’явіцца – дакладней, ён абавязкова зноў з’явіцца.

3.Не сакрэт, што апазіцыйныя лідары так ці іначай, у пэўнай ступені (бачыце, я падбіраю асцярожныя фармулёўкі) арыентуюцца на пазіцыі заходніх партнёраў. І на сёння абодва падыходы — ціск ці дыялог — знаходзяць там водгук. Проста ў розных заходніх палітыкаў, і ў розных прапорцыях.

4.Логіка прыхільнікаў «дыялогу» паволі паслядоўная: яны лічаць, што рэжым Лукашэнкі цяпер ніяк не зменіш, таму для дабра Беларусі трэба не змагацца з ім, а рабіць так, каб рэжым змякчаўся і дапусціў паляпшэнне жыцця беларусаў (вызваленне палітвязняў, візы, транспарт, і так далей).

Такая стаўка, з іх гледзішча, выглядае прагматычнай і рэалістычнай на фоне «непрымірымых», якіх «дыяложнікі» называюць цьвёрдалобымі, «людзьмі ў белым паліто», альбо рамантыкамі, што не ўлічваюць рэальнасць.

Маўляў, рэжым зноў уваходзіць у традыцыйны цыкл памякчэння і нармалізацыі адносінаў з Захадам — а вы не разумееце гэты трэнд, таму можаце ў яго не ўпісацца, і вылецець на ўзбочыну. На што ім адказваюць — не, рэжым настолькі моцна змяніўся (юрыдычна, ідэалагічна, практычна), што ўжо проста не можа істотна «лібералізавацца».

5. (І галоўнае) Праблемка, аднак, у тым, што стаўка на тое, што «рэжым непахісны і будзе стаяць яшчэ 20 гадоў, а таму трэба з ім дамаўляцца» – можа нечакана і радыкальна праваліцца з-за непрадказальных падзей у Расеі ці на фронце ці ўвогуле (новы аспект) з-за беларуска-ўкраінскага сутыкнення.

У такім выпадку прыхільнікі перамоваў акажуцца палітычна прайграўшымі, іх будуць успрымаць як здраднікаў, а пераможцамі выйдуць тыя, хто радыкальна ставіўся да рэжыму.

З іншага боку, калі сітуацыя будзе заставацца нязменнай, папулярнасць ідэі перамоваў і адмены санкцыяў будзе расці. Па-першае, гэта падтрымлваецца большасцю людзей унутры Беларусі, гэта факт. Па-другое, – «вось санкцыі не працуюць, давайце паспрабуем нешта новае».

Аднак на самой справе гэта новае (дыялог і перамовы) – добра забытае старое, бо было ўжо некалькі разоў у сучаснай беларускай гісторыі. І «старая апазіцыя» (у адрозненні ад дзяцей 2020 года) бачыла гэтыя цыклы паміж дыялогам і санкцыямі, перажыла іх на сябе, і не моцна пабачыла стратэгічна апраўданых пазітыўных вынікаў.

Так што, хто тут больш «прагматык» – цяжка сказаць.