«Котка падскочыла ад гукаў самалётаў на баранавіцкім аэрадроме. Уключыў інтэрнэт і спаць ужо не клаўся»
Былы палітзняволены беларус, які пасля вызвалення пераехаў у Кіеў, спытаў у Threads, як беларусы сустрэлі пачатак поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, і што адчувалі ў той дзень. Сабралі некаторыя адказы, якімі людзі падзяліліся ў каментарах.
«У Мінску. У пачатку лютага мы заключылі папярэднюю дамову на продаж кватэры ў канцы месяца. Яшчэ з 2020 года збіраліся з’ехаць (green card). Часта ездзілі ў Гомельскую вобласць: вывозілі рэчы. Гледзячы на колькасць ваеннай тэхнікі на дарогах, не было сумневаў, што гэта не вучэнні. Інтуіцыя крычала, а ніхто не верыў».
«У мяне котка падскочыла ад гукаў самалётаў на баранавіцкім аэрадроме ў 4:20. Уключыў інтэрнэт, ну і атрымаў навіну пра выступ пу... Спаць ужо не клаўся...»
«Вельмі нервовы месяц быў. Угаворвала сына з’ехаць, але ён таксама не верыў. 23 лютага яму споўнілася 18. Ну а 24-га я яго разбудзіла, хацела падзяліцца навіной. Шок. Ён сказаў: «Чаму гэта павінна было адбыцца ў маім жыцці?» Памятаю, як лёталі самалёты, і было вельмі цяжка».
«Написала родне в Украину. Ходила серая весь год, не знала, что делать, металась из угла в угол. Не понимала, чем помочь».
«У калоніі. Раніцай нічога не ведала, а пасля прыйшла на доўгае спатканне, і мне распавялі. Пазней мы ўсе разам сядзелі ў невядомасці і перыядычна пераключалі навіны па дзяржтэлеканалах, каб даведацца хоць нешта. Ноччу вельмі гучна лёталі самалёты. Не верылася, што так можа быць. Праз тыдзень на спатканне хадзіла жанчына, у якой сваякі з Украіны. Расказвала, як людзі ў зямлянках хаваліся. Але ўвесь маштаб я ўсвядоміла толькі пасля выхаду, калі прачытала шмат-шмат навінаў».
«Тры дні на тэлефоне з сябрамі з Украіны, маніторынг дарог, мяжы і вольнага жытла ў Польшчы. Потым пратэст, затрыманне, пару тыдняў без інфармацыі, страх. Праз два месяцы з’ехаў».
«Пришел на работу и увидел, как люди массово побежали делать загранники и снимать накопления».
«Ну, калоны грузавікоў і іншай тэхнікі на тым тыдні рэгулярна ездзілі пад вокнамі дома (на поўдні Гомеля), але той ноччу іх было вельмі шмат. Мясцовы РАУС увесь свяціўся — нібыта адначасова ноччу дзяжурылі ва ўсіх кабінетах».
«А восьмай ці дзявятай мяне абудзіў тэлефанаваннем лепшы сябар і сказаў, што пачалася вайна. Памятаю, як было разуменне, што, калі Украіна выстаіць хаця б да панядзелка або тыдзень, то ёсць шанцы».
«Сядзеў у гомельскім СІЗА і чуў шматлікія паўзы па радыё ад вядучых. Зразумелі, што нешта здарылася. У камерах увогуле не было разумення такой рызыкі. Потым чулі, як кожную гадзіну вакол горада лётае самалёт. За дзень да пачатку атрымалі газету, дзе Лаўроў кажа журналістам, што гэта правакацыя ў іх пытаннях і 21 лютага ніякага нападу не будзе. Прачыталі і не разумелі, адкуль увогуле такія пытанні».
«У Львове. Першую гадзіну быў проста ступар. Выйшла на вуліцу і проста стаяла цэлую гадзіну. Курыла і думала: як я зараз скажу дзецям, што пачалася вайна, і што нам увогуле цяпер рабіць?»
«Я была на лецішчы пад Ужгарадам. Зусім каля мяжы са Славакіяй. І ўжо праз тры дні пяшком ішла кіламетраў 15, ці мо больш, і цягнула за сабой вялізны чамадан з рэчамі. Потым двое сутак сядзела ў палатцы на мяжы з пашпартам «страны соагрессора», бо памежнікі не ведалі, што са мной рабіць, калі ўсіх астатніх адпраўлялі амаль кожныя паўгадзіны ў розныя краіны Еўразвязу. Я думала, што там і застануся сядзець. Было вельмі страшна і балюча».
«У Кіеве. І гэта было капец як страшна. Потым збірала рэчы, сын здымаў наяўныя, купіў чамадан, увечары паехалі ў бок Польшчы. Трое сутак ехалі, ішлі, начавалі ў школе недзе на мяжы, стаялі ў чэргах».
«У Бучы. Я пайшла ў краму і набыла дзве бутэлькі каньяку. Думала напачатку, што каля сталіцы самае бяспечнае месца. Не трэба, мабыць, казаць, як мы былі шакаваныя праз тыдзень. Што было далей, стараюся не ўспамінаць».
Читайте еще
Избранное