Филин

Кацярына Батлейка

«Магчымасцяў для супрацьдзеяння тут няшмат: любыя спробы ставіць палкі ў колы будуць успрымацца як русафобія»

«Рускі дом» у Брэсце абвясціў акцыю «Георгіеўская стужка» напярэдадні 9 траўня. Арганізацыя запрасіла жыхароў і гасцей Брэста далучыцца да акцыі. Філін спытаў у гісторыкаў, чаму рэжым дазваляе выкарыстанне георгіеўскай стужкi.

Нагадаем, у 2015 годзе у Беларусі перасталі выкарыстоўваць георгіеўскую стужку. Замест яе прыдумалі чырвона-зялёную з яблыневым цветам.

Што змянілася і чаму ўлады зачыняюць вочы на выкарыстанне георгіеўскай стужкi?

«Любыя спробы «ставіць палкі ў колы» тым жа «рускім дамам» будуць успрымацца як русафобія»

— Найперш гэта сведчыць пра тое, што ў Лукашэнкі няма свабоды манеўру, — кажа cябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч. — У апошнія гады гэтая свабода, у параўнанні з папярэднімі перыядамі, істотна звузілася. І там, дзе раней ён мог аказваць пэўны супраціў, цяпер у многіх выпадках гэта лічыцца немэтазгодным — каб не выклікаць канфліктаў з расійскімі СМІ і арганізацыямі.

Аляксандр Пашкевіч

Пасля 2020 і 2022 гадоў, калі Лукашэнка трапіў пад санкцыі, стала відавочна: характар адносін з Расіяй, і асабліва з Пуціным, мае ключавое значэнне для захавання яго ўлады. Рэсурсаў і магчымасцяў, як раней, у яго ўжо няма. Думаю, у Расіі дастаткова механізмаў, каб пры неабходнасці замяніць Лукашэнку на яго пасадзе.

Таму гэта не самы прынцыповы для яго момант (дазвол на выкарыстанне стужак — С.) — значна важнейшыя эканамічныя пытанні, якія забяспечваюць функцыянаванне яго рэжыму. Адсюль і паступовыя саступкі ў асобных пазіцыях.

У той жа час яблыневыя бутаньеркі і іншыя падобныя сімвалы, хутчэй за ўсё, застануцца на мерапрыемствах, якія арганізуе беларускі рэжым. Непадобна, каб георгіеўскія стужкі выцяснялі іх там, дзе ўсё залежыць ад уладаў (прынамсі, калі глядзець на папярэднія гады).

Гаворка, хутчэй, пра тое, каб не перашкаджаць расійскім арганізацыям дэманстраваць сваю сімволіку. Магчымасцяў для супрацьдзеяння тут няшмат: любыя спробы «ставіць палкі ў колы» тым жа «рускім дамам» будуць успрымацца як русафобія. У выніку ў Расіі можа разгарнуцца інфармацыйная кампанія супраць Лукашэнкі — а на гэтым этапе ён, відавочна, не лічыць гэта для сябе мэтазгодным.

«Беларуская павестка рэжыму нецікавая. Ён зацікаўлены ў тым, каб яго пазітыўна ўспрымалі ў Расеі»

— Не думаю, што гэта праява нейкіх саступак з боку рэжыму, — выказвае сваё меркаванне гісторык Яўген Красулін. — Адбываецца «нармальнае» развіццё рэжыму, які цяпер пануе ў Беларусі і які заўсёды быў скіраваны не столькі на беларускую арыентацыю, колькі на расейскую.

Яўген Красулін

Дапушчэнне георгіеўскіх стужак выглядае як адна з падзей у гэтым шэрагу. Калі паглядзець, што яшчэ ладзіць «Рускі дом», то там — мерапрыемствы, прысвечаныя, напрыклад, савецкай жаночай паэзіі. Гэта проста прасоўванне расейшчыны праз культуру, мову і святы.

Акцыя са стужкамі прымеркаваная да 9 траўня — а гэта цяпер, бадай, галоўнае свята ў крамлёўскім календары. На ім будуюць ідэнтычнасць і легітымнасць: маўляў, мы перамаглі ў вялікай вайне, значыць, маем права кіраваць іншымі. Тое самае даўно адбываецца і ў Беларусі.

Тое, што ў нейкі момант замест георгіеўскай стужкі прапанавалі «яблыневую», — гэта ні ў якім разе не крок у бок ад крамлёўскіх наратываў. І тое, што цяпер зноў дазваляюць георгіеўскую стужку, яшчэ раз сведчыць: беларуская павестка рэжыму нецікавая. Ён зацікаўлены ў тым, каб яго пазітыўна ўспрымалі ў Расеі.

Калі дапусціць, што Лукашэнка імкнецца быць не столькі беларускім, колькі расейскім палітычным дзеячам, то ўсё выглядае цалкам лагічна і лёгка тлумачыцца. Таму на месцах і будуць з’яўляцца такія праявы — своеасаблівыя рэверансы ў бок небеларускасці, дакладней, у бок БССРаўшчыны. Вось — БССР 2.0 як стартавая пазіцыя на расейскія абшары — гэта цалкам адпавядае логіцы цяперашняга рэжыму. Абараняць беларускае і забараняць расейскае ён не збіраецца.