Наста Лойка: «Большасць сядзіць несправядліва, а астатнія — бессэнсоўна»

Праваабаронца, былая палітзняволеная — пра вопыт Гомельскай калоніі, які трэба пашыраць.

— Мне падаецца, жаночая калонія ў Гомелі — гэта самая ўзмоцненая калонія па рэжыме і самая строгая, — адзначыла Наста Лойка на Звычайнай раніцы. — Акрамя агульнага каркаса правілаў, які існуе на ўзроўні заканадаўства, у іх вельмі шмат інструкцый, якія прапісвае мясцовы дэпартамент выканання пакаранняў, плюс нейкія свае мясцовыя правілы.

Наста Лойка

Да таго ж калонія апошнія гады за кошт нас, палітычных зняволеных, вельмі актыўна наладжвала сувязі вышэйшага ўзроўню — з КДБ, асабліва моцна з губазікам. Я сама гэта вельмі адчула.

Былая палітзняволеная кажа, што, улічваючы тое, што ў калоніі не так шмат прасторы для ініцыятывы, усё ж былі моманты, на якія варта звярнуць увагу і нават пашыраць.

— Зараз у калоніі 1500 жанчын. Я іх не дзяліла, перажываю за ўсіх, мне было важна глядзець на ўсіх.

Я разумела, што большасць з іх сядзіць несправядліва, а астатнія — бессэнсоўна, таму што калонія іх не выпраўляе. Яны проста там марнуюць час, таму што ніякіх спецыяльных выпраўленчых захадаў няма.

Але было цікава назіраць за супрацоўнікамі, за тым, як яны рэагуюць там, дзе могуць самастойна прымаць рашэнні.

Напрыклад, у калоніі сядзіць і дастаткова шмат замежніц, жанчын з іншых краінаў. Часта яны з бліжняга рэгіёну — з Расіі ці Украіны — і гэта больш зразумела.

А вось што рабіць, напрыклад, з дзяўчынай з Ірану, якая была грамадзянкай Аўстрыі, і яе муж быў аўстрыйцам і знаходзіўся там.

Па правілах унутранага распарадку падчас тэлефанавання мы можам размаўляць толькі на дзяржаўных мовах: па-беларуску ці па-руску. А што ёй рабіць, бо яна валодае толькі нямецкай?

І калонія знайшла выйсце, яны запрасілі перакладчыка, дзякуючы якому ў той дзяўчыны быў хаця б адзін званок на месяц замест чатырох. Разумею, што хутчэй за ўсё гэта была ініцыятыва мясцовай адміністрацыі. Былі і іншыя падобныя кропкавыя рэчы.

Яшчэ ў нас быў рэабілітацыйны цэнтр, мэтай якога было дапамагчы жанчынам пазбавіцца залежнасці — алкагольнай ці наркатычнай. Я шмат распытвала пра гэта месца.

Калі ў нас, у звычайных атрадаў была праблема перанасельніцтва, было па сто жанчын, то ў рэабілітацыйным цэнтры іх было 16. У нашым пакоі спалі 40 чалавек, а там — восем. І спалі яны на ложках, а не на двухпавярховых нарах.

Замест капцёркі ды кардонных каробак у іх шафа, у пакойчыках стаяць канапы. З жанчынамі кожны дзень займаюцца псіхалагіні, нарколагі, праводзяць тэрапію і яшчэ нешта.

Напэўна, там не супер эфектыўная праграма і за паўгода, на якія туды адпраўляюць жанчын, не так шмат можна паспець штосьці зрабіць, але той факт, што ёсць разуменне, што зняволеныя могуць і павінны ўтрымлівацца вось у такіх умовах і што з імі павінна рабіцца нейкая профільная праца — гэта ўжо вялізны прагрэс.

І такія цэнтры — гэта той фармат, які я б прапаноўвала больш актыўна пашыраць і далей развіваць. І я б хацела, каб гэта быў не адзін атрад на 16 чалавек з праграмай на паўгода, а, можа быць, на год і для значна большай колькасці жанчын.

Бо зараз калонія эфектыўна робіць толькі ізаляцыю людзей, яны сапраўды не могуць нікуды выйсці і нічога зрабіць. Але ўсе астатнія мэты — ні выхаваўчыя, ні кампенсуючая, ні нейкія іншыя — калонія вельмі цяжка выконвае.