Неабыякавыя

Марына Міхайлава

«Сітуацыя цяпер — паміж дзвюма рэальнасцямі»

«Салідарнасць» абмеркавала з прадстаўні_цамі ініцыятывы Прызматыка, як змяняецца становішча ЛГБТК+ людзей у Беларусі. Спойлер: добрых навін, на жаль, няма.

Ілюстрацыйны здымак

З мінулага года пазітыўных змен, на жаль, няма, зазначаюць у гутарцы з «Салідарнасцю» прадстаўні_цы ініцыятывы «Прызматыка». А ёсць далейшае ўзмацненне рэпрэсій, дыскрымінацыі і кантролю за асабістым жыццём ЛГБТК+ людзей.

Красамоўныя лічбы: паводле рэйтынгу ILGA-Europe Rainbow Map 2025, Беларусь атрымала толькі 10,16 % па ўзроўні абароны правоў ЛГБТК+. Гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў у Еўропе: наша краіна заняла 45-е месца з 49.

Што называецца, дно блізка.

Гэтыя лічбы сведчаць, што гаворка ідзе не пра стагнацыю, а пра паступовае пагаршэнне сітуацыі.

Дыскрымінацыя «ў законе». І ў практыцы таксама

Калі параўноўваць сітуацыю з мінулым годам, становішча ЛГБТК+ людзей у Беларусі не проста не палепшылася — у цэлым яно працягвае пагаршацца.

— Гэта бачна адразу ў некалькіх вымярэннях: у заканадаўчых ініцыятывах, у практыцы дзеянняў сілавых структур, у дзяржаўнай рыторыцы і ў новых рызыках, з якімі сутыкаюцца прадстаўнікі і прадстаўніцы супольнасці ў паўсядзённым жыцці, — канстатуюць актывіст_кі.

Што канкрэтна маецца на ўвазе? У прыватнасці, змены ў заканадаўстве, якія рыхтуюцца ў нашай краіне. Улады абмяркоўваюць увядзенне адказнасці за так званую «прапаганду гомасексуальных адносін і змены полу». Прапануецца ўвесці адміністрацыйную адказнасць і значныя штрафы.

Пры гэтым пад абмежаванні могуць трапляць не толькі публічныя акцыі або актывізм, але і кнігі, фільмы, адукацыйныя матэрыялы, выказванні ў медыя або ў інтэрнэце.

— Мы лічым, што такая ініцыятыва фактычна капіюе расійскую мадэль «забароны ЛГБТК+ прапаганды», якая на практыцы выкарыстоўваецца як інструмент для пераследу, цэнзуры і выціскання ЛГБТК+ тэмы з публічнай прасторы.

Паралельна з норматворчасцю ўзмацняецца практыка — пераслед з боку сілавых структур. У апошнія гады адбываюцца рэйды на закрытыя культурныя (нават прыватныя) мерапрыемствы: праверкі, допыты і затрыманні. І нават калі гэтыя  выпадкі не заканчваюцца крымінальнымі справамі, сам факт пастаяннага кантролю і ціску стварае атмасферу страху і няўпэўненасці.

— Акрамя таго, мы ведаем пра выпадкі, калі супрацоўнікі КДБ спрабуюць прымушаць прадстаўнікоў і прадстаўніц ЛГБТК+ супольнасці да супрацоўніцтва. Паводле сведчанняў, людзей могуць шантажаваць, ціснуць на іх падчас допытаў, каб яны перадавалі інфармацыю пра ЛГБТК+ актывістаў і арганізацыі, наведвалі мерапрыемствы супольнасці і збіралі звесткі пра ўдзельнікаў і ўдзельніц і дзейнасць ініцыятыў.

Яшчэ неад’емны складнік рэпрэсіўнай машыны — рыторыка ўладаў.

Ад афіцыйных асоб усё часцей гучаць заявы пра ЛГБТК+ як «пагрозу традыцыйнай сям’і» або як элемент «заходняй ідэалогіі». Часта яны маюць адкрыта гамафобны характар і спрыяюць росту сацыяльнай стыгматызацыі. З аднаго боку, рыторыка чыноўнікаў фарміруе негатыўнае стаўленне ў грамадстве, а з другога— фактычна апраўдвае рэпрэсіўныя дзеянні дзяржавы.

Асабліва ўразлівыя ў такой сітуацыі трансгендарныя людзі, зазначаюць суразмоў_ніцы «Салідарнасці». Яны сутыкаюцца са значнымі цяжкасцямі пры юрыдычным прызнанні гендару, з медыцынскімі і бюракратычнымі бар’ерамі, а яшчэ і з падвышанай (і, мякка кажучы, непрыязнай) увагай з боку дзяржаўных структур.

Натуральна, што ў падобнай атмасферы прадстаўнікі і прадстаўніцы супольнасці вымушаныя думаць не пра развіццё або бачнасць, а пра ўласную бяспеку.

«Формы дапамогі і салідарнасці ўсё яшчэ існуюць, але…»

— У аглядзе на пачатак 2026 года вы адзначылі далейшае нагнятанне варожасці, маргіналізацыі ЛГБТК+ супольнасці ў Беларусі. Прапагандысты прыраўноваюць «ЛГБТК-каштоўнасці» да «тэрарызму» і «экстрэмізму». Ці гэта ўласціва і для рэгіянальных медыя (памятаем «Вячэрні Магілёў» як флагман гамафобіі), ці на месцах сёння няма столькі нянавісці?

— Паводле маніторынгу «Журналістаў за талерантнасць» (J4T), цяпер больш жорсткі тон задаюць нацыянальныя медыя, але гэтая сітуацыя вагалася цягам апошніх некалькіх гадоў.

Да палітычнага крызісу 2020 года J4T заўважалі, што цэнтральныя СМІ ўсе болей карыстаюцца карэктнай лексікай адносна ЛГБТК+, у той час у мясцовых медыя такога зруху не было. Паводле маніторынгу 2022 года, розніцы паміж СМІ з нацыянальным і мясцовым ахопам не засталося, і некарэктная лексіка пераважала як у тых, так і ў другіх.

Скрыншот з маніторынгу публікацый 2020-2025 гг, дзе ўжываліся некарэктная лексіка і мова варожасці. Крыніца: j4t.info.

Цягам наступным двух год мясцовыя СМІ ўсё так жа часта выкарыстоўвалі мову варожасці, у той час як у нацыянальных — трэнд удалося пераламіць. Аднак летась сітуацыя зноў змянілся: мясцовыя СМІ выкарыстоўвалі менш некарэктнай лексікі, як і наогул увагі да тэмы ЛГБТК+, цэнтральныя ж выкарыстоўвалі яе ў палітычнай барацьбе — і некарэктнай лексікі, мовы варожасці там зноў пабольшала.

— Станам на сёння, ці засталіся ў актывістаў у Беларусі спосабы легальна, бяспечна атрымаць дапамогу, ці ўнутры краіны ў гэтым сэнсе — выпаленае поле?

— Калі адказваць шчыра і без спрошчаных формул, сітуацыя цяпер — паміж дзвюма рэальнасцямі. З аднаго боку, унутры Беларусі амаль што знішчаная інфраструктура адкрытай грамадзянскай падтрымкі. З другога ж, цалкам «выпаленым полем» назваць гэта таксама не зусім дакладна: некаторыя формы дапамогі і салідарнасці ўсё яшчэ існуюць, але яны сталі нефармальнымі, канспіратыўнымі або вынесенымі за межы краіны.

Як мы ведаем, пасля 2020-га ў Беларусі адбыўся сістэмны разгром грамадзянскай супольнасці. Праваабарончыя арганізацыі, ініцыятывы і фонды масава ліквідаваліся, прызнаваліся «экстрэмісцкімі» або вымушана пакмдалі краіну. Гэта фактычна знішчыла большасць адкрытых каналаў дапамогі ўнутры.

Адкрытая інстытуцыйная дапамога ў Беларусі — амаль немагчымая. Любыя структуры, якія сістэмна падтрымліваюць ЛГБТК+ людзей, рызыкуюць быць крыміналізаванымі.

І ўсё ж, зазначаюць актывіст_кі, насуперак рэпрэсіям пэўныя фарматы падтрымкі ЛГБК+супольнасці існуюць і сёння. Гэта нефармальныя сеткі ўзаемадапамогі паміж людзьмі ўнутры супольнасці, ананімная псіхалагічная/юрыдычная анлайн-дапамога. неафіцыйныя і непублічныя групы салідарнасці, кантакты з ініцыятывамі ў дыяспары.

Па сутнасці, гэта не класічныя НДА альбо актывізм у звыклай форме — а тыя самыя гарызантальныя сувязі і сеткі даверу, што беларускія ўлады так жадаюць (і не могуць!) знішчыць. То-бок, самая супольнасць не знікла, але ініцыятывы зрабіліся яшчэ менш бачнымі, падпольнымі, дэцэнтралізаванымі:

— Асобна трэба згадаць пра бяспеку. Гэта цяпер галоўны крытэрый. Будзь-якія кантакты, удзел у мерапрыемствах, падпіскі на пэўныя інтэрнэт-рэсурсы могуць прыцягнуць увагу сілавікоў. Таму нават унутры супольнасці падтрымка арганізуецца вельмі асцярожна, праз асабістыя сувязі і правераныя каналы.

Падсумоўваючы — гэта ўжо не «выпаленае поле», але і не нармальная грамадзянская прастора. Хутчэй, выжыванне сетак салідарнасці ў вельмі жорсткіх умовах.

Ёсць кантакт: куды звяртацца па падтрымку

За мяжой карціна больш жывая і разнастайная, гавораць прадстаўні_цы «Прызматыкі». То куды канкрэтна могуць звярнуцца прадстаўнікі ЛГБТК+ супольнасці ў замежжы, якія беларускія і міжнародныя ініцыятывы аказваюць дапамогу і па якіх пытаннях?

— З прычын бяспекі мы не будзем узгадваць кантрэктныя ЛГБТК+ ініціыятывы і арганізацыі. Працоўны варыянт: звярнуцца да нас праз інстаграм або пошту і мы дапаможам знайсці патрэбныя кантакты ЛГБТК+ людзям, якім знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі.

Таксама да нашай арганізацыі можна звяртацца па псіхагалагічную дапамогу і юрыдычную дапамогу, удзельнічаць у адукацыйных мерапрыемствах і праграмах квір-лідарства, чытаць адмысловыя матэрыяла пра гендар і сэксуальнасць. А яшчэ сёлета  мы плануем зладзіць «Квір-фестываль» у Вільнюсе, таму сачыце за нашымі анонсамі!

Калі ж адказваць вельмі прыктычна, на сёння беларусы з ЛГБТК+ супольнасці могуць звяртацца:

  • да беларускіх квір-ініцыятыў у дыяспары — па кансультацыю і падтрымку;
  • да фондаў салідарнасці — па фінансавую або экстраную дапамогу;
  • да міжнародных ЛГБТК+ і праваабарончых арганізацый — па юрыдычную, псіхалагічную і гуманітарную падтрымку;
  • да адукацыйных і актывісцкіх праграм (калі гаворка пра развіццё праектаў або навучанне).

Таксама ёсць вельмі карысны дапаможнік, створаны ЛГБТК+ ініцыятывай «Queer Parenting»:  пра міжнародную абарону ў краінах ЕЗ, калі ЛГБТК+ людзям з Беларусі патрэбна пакінуць краіну.