Судаленка: «Хутка на вяселлі будуць урывацца і патрабаваць у маладых ды іх гасцей мабільнікі на праверку»
Ці можна ў Беларусі збірацца на пікнік?
Сілавікі затрымалі кампанію з 18 чалавек на пікніку ў парку. Гісторыю ў Threads заўважыла Вясна.
Адзін з яе ўдзельнікаў распавёў, што група людзей адпачывала ў парку, дзе іх убачылі прадстаўнікі Першамайскага РУУС. Міліцыянты, нічога не патлумачыўшы прысутным, проста выклікалі «бус» і завезлі ў аддзел, «предварительно забрав телефоны, «чтобы мы не снимали машину изнутри».
Праз дзве з паловай гадзіны ў затрыманых праверылі тэлефоны, далі падпісаць паперы, азнаёміцца з якімі папярэдне было нельга, і выпусцілі.
Зараз удзельнікі інцыдэнту цікавяцца, ці могуць куды паскардзіцца на дзеянні сілавікоў.
«Салідарнасць» абмеркавала выпадак з юрыстам Асацыяцыі «Солидарность» Леанідам Судаленкам.
— Ці сапраўды ёсць закон, які абмяжоўвае колькасць чалавек у кампаніі?
— На мой погляд, гэта вельмі падобна не на прымяненне закона, а на адвольнае пашырэнне паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі.
Па-першае, у беларускім заканадаўстве няма нормы, якая б забараняла збірацца кампаніяй з 18 чалавек на пікнік у парку або патрабавала б атрымліваць на гэта спецыяльны дазвол.
Леанід Судаленка
Закон «Аб масавых мерапрыемствах» рэгулюе правядзенне арганізаваных сходаў, мітынгаў, шэсцяў, дэманстрацый, пікетаванняў і іншых масавых мерапрыемстваў.
Звычайны адпачынак кампаніі людзей у парку сам па сабе не становіцца масавым мерапрыемствам толькі таму, што людзей шмат.
А другое, насцярожвае тое, што апісваюць самі ўдзельнікі, уключаючы адабранне і праверку тэлефонаў, прымус падпісаць дакумент без магчымасці азнаёміцца з яго зместам.
Кожнае з гэтых дзеянняў павінна мець выразную прававую падставу. Калі чалавека затрымліваюць, яму павінны растлумачыць прычыны. Калі аглядаюць тэлефон, таксама павінны існаваць законныя падставы і працэсуальны парадак.
А падпісанне дакумента, з якім чалавека не азнаёмілі, наогул недапушчальна.
— Ці ёсць сэнс удзельнікам інцыдэнту падаваць скаргу ў пракуратуру на такое адвольнае пашырэнне паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі?
— З юрыдычнага пункту гледжання, так, сэнс ёсць. Не таму, што можна гарантаваць эфектыўную рэакцыю. Ва ўмовах сучаснай Беларусі пракуратура наўрад ці прызнае парушэнні з боку сілавікоў.
Але скарга патрэбная па некалькіх прычынах. Па-першае, яна прымушае дзяржаву афіцыйна сфармуляваць сваю пазіцыю: на падставе якой нормы закона пікнік быў прызнаны парушэннем.
Па-другое, адказ пракуратуры можа стаць важным доказам фіксацыі парушэнняў правоў чалавека.
Па-трэцяе, як праваабаронца я за тое, каб любы выпадак адвольнага абмежавання свабод быў зафіксаваны. Менавіта з такіх асобных гісторый складаецца агульная карціна таго, як у Беларусі звычайныя жыццёвыя сітуацыі падмяняюцца практыкай адвольнага кантролю.
— Калі адпаведных прававых норм няма, то дэ-факта атрымліваецца, што кампаніямі па 18 чалавек зараз у Беларусі збірацца нельга? А максімальную «забароненую колькасць», відаць, можна пазнаць толькі практычным метадам?
— Няма «максімальна забароненай колькасці».
Ёсць страх улады перад грамадствам. Хутка дойдзе да таго, што на вяселлі будуць урывацца і патрабаваць у маладых ды іх гасцей мабільнікі на праверку.