І вось паколькі і раней Беларусь узнікала ў фармаце цікавасці да калію, то зараз гэта цікавасць яшчэ больш узрастае. Адпаведна, калі Вашынгтон і Атава не знойдуць агульнай мовы ў бліжэйшы час, то я не выключаю таго, што Злучаныя Штаты паспрабуюць паскорыць кантакт з беларускім бокам, каб выйсці на нейкую дамоўленасць.
Тышкевіч: Гандлёвая вайна паміж ЗША і Канадай можа згуляць на руку рэжыму Лукашэнкі
Аналітык Ігар Тышкевіч у каментары Филину — пра калійныя ўгнаенні, якія зноў могуць з'явіцца ў беларуска-амерыканскім кейсе.
ЗША і Канада не змаглі дасягнуць гандлёвага пагаднення па выніках трохдзённых перамоваў. Трамп усё ж вырашыў увесці жорсткія 50-працэнтныя пошліны на частку імпарту з Канады.
Адна з асноўных пазіцый імпарту — канадскія калійныя ўгнаенні — была афіцыйна выведзена з-пад дзеяння пошлін сёлета яшчэ ў ліпені. І гэтым разам таксама ўгнаенні не трапілі ў спіс тавараў, на якія паднялі падатак.
Але абставіны прымушаюць ужо цяпер Злучаныя Штаты шукаць альтэрнатыўных пастаўнікоў калію, лічыць аналітык Ігар Тышкевіч.
Ён растлумачыў Филину, якім чынам сітуацыя з пошлінамі супраць канадскіх вытворцаў можа ўскосна закрануць Беларусь.
— Для Злучаных Штатаў Амерыкі ў любым выпадку патрэбны доступ да яшчэ адной крыніцы калійных угнаенняў, — лічыць Ігар Тышкевіч. — Зрэшты гэта і адна з прычынаў, чаму тэма калію наогул ўзнікла ў беларуска-амерыканскім кейсе.
ЗША імпартуюць калій пераважна з Канады. Гэта адзін з найбуйнейшых вырабнікоў гэтага прадукту. Падчас усіх гандлёвых войнаў калійныя ўгнаенні не патраплялі ў спіс тавараў, на якія падвышалі тарыфы. Не патрапілі яны і зараз.
Але пытанне ў тым, якія крокі ў адказ разглядае Канада. Калі перамовы не працягнуцца, бо апошнія прапановы Трампа хутчэй падобныя на ўльтыматум, ёсць верагоднасць, што Канада пераарыентуе свае патокі знешняга гандлю на іншыя краіны.
У прынцыпе па каліі такое ўжо адбывалася некалькі разоў за апошнія тры гады, калі Канада па кароткатэрміновых паўгадавых кантрактах працавала з тым жа Кітаем.
КНР — адзін з ключавых рынкаў збыту Беларусі і РФ. Дарэчы, вельмі важны чыннік: у Беларусі зараз скончыўся паўгадавы кантракт на пастаўку калійных угнаенняў у Кітай.
Ці падпісаны новы на вялікі аб’ём, не ведаю, і ўсё ж у Канады нават без моцнай канкурэнцыі і без дэмпінгу ёсць магчымасць кіраваць рынкамі збыту.
Такім чынам калі адносіны паміж ЗША і Канадай выйдуць у фармат гандлёвай вайны, цалкам верагодна, што Канада будзе абмяжоўваць пастаўкі нафты, газа, электрычнасці і калійных угнаенняў. Гэта чатыры таварныя пазіцыі, па якіх Злучаныя Штаты крытычна залежныя. Бо альтэрнатыву знайсці цяжка.
— Сапраўды і раней пытанне беларускага калію ўзнікала, але яно заўсёды ўпіралася ў транзіт.
— Тут, на маю думку, верагодныя два варыянты. Першы праз Літву, і ЗША ўжо рабілі спробы дамовіцца. І там ёсць пра што дамаўляцца.
Я маю на ўвазе пытанне ратацыі амерыканскіх войскаў на літоўскай тэрыторыі. Для Літвы гэта пытанне ў першую чаргу бяспекі. Таму з Вільняй так ці інакш перамовы будуць працягнуты.
Калі ж будзе ісці нейкая гаворка пра перамір’е на моры, то я не выключаю, што аналагічныя размовы будуць і з Украінай.
— Дарэчы ўжо былі спробы: амерыканцы звярталіся з адпаведнай просьбай зняць санкцыі з беларускага калію да Літвы, Польшчы і Украіны.
— Для Польшчы гэта вельмі нязручна, таму што давядзецца сутыкнуцца з рознай шырынёй чыгункі, што запатрабуе дадатковай перагрузкі. Таму мне бачацца больш верагоднымі перамовы з Украінай, канешне, у выпадку разблакіроўкі марскога шляху.
Перамір’е на моры азначае, што спыняцца абстрэлы порта ў Адэсе. І калі тое адбудзецца, у Украіны насамрэч ёсць што перавозіць і без беларускага калію.
Трэба экспартаваць жалезную руду і зерне. Гэта дзве вельмі важныя пазіцыі. І ў ЗША ёсць моцны рычаг ціску на Кіеў — ракеты для сістэм супрацьпаветранай абароны.
Вядома, што ва Украіне вельмі мала ракет, якімі можна збіваць балістыку. У выніку кожны тыдзень на ўкраінскія гарады падае ад 20 да 30 ракет з баявой масай ад 400 кг да палутары тон.
Гэта такі ў пэўным сэнсе цынічны шантаж, але ён можа спрацаваць.
У выпадку, калі марскія парты не адкрыюць, хутчэй за ўсё будзе абгаворвацца пытанне транзіту ўкраінскага зерня з удзелам Літоўскай рэспублікі.
Заадно можа быць узнята і пытанне транзіту беларускіх калійных угнаенняў, але ўжо з тлумачэннем, што трэба ратаваць украінскую эканоміку, прапускаць украінскае зерне і паралельна, дзеля гэтага пайсці на пэўныя кампрамісы і запусціць беларускі калій таксама.
Наколькі я ведаю, зараз абмяркоўваюцца два гэтыя варыянты. Вырашаны яны мусяць быць цягам нядоўгага часу, фактычна ўсё можа праясніцца да канца верасня.
Бо праз некалькі месяцаў паўстануць пытанні новых кантрактаў на наступныя паўгода-год. Да гэтага моманту транзітныя маршруты мусяць быць гатовы.
Читайте еще
Избранное