«У нас проста няма права спыніцца». Другі дзень канферэнцыі «Новая Беларусь»
8-9 жніўня ў Варшаве адбываецца буйная сустрэча беларусаў у эміграцыі. Мерапрыемства сабрала былых палітвязняў, аналітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў дэмсіл.
Што адбывалася ў першы дзень — чытайце тут.
Радыё Свабода вядзе прамую трансляцыю з канферэнцыі:
Латушка: «Лукашэнка ніколі так блізка не набліжаўся да міжнароднай крымінальнай адказнасці»
Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) і кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка анансаваў новыя санкцыі супраць афіцыйнага Мінска і заклікаў заходнія краіны ўвесці абмежаванні супраць Саюзнай дзяржавы.
Адзін з галоўных тэзісаў прамовы Паўла Латушкі на адкрыцці другога дня канферэнцыі «Новая Беларусь» быў адрасаваны заходнім партнёрам. Ён заклікаў іх увесці санкцыі супраць структур Саюзнай дзяржавы.
— Гэта прамы расійскі інструмент знішчэння беларускай дзяржаўнасці, паглынання нашага суверэнітэту з наступнай анексіяй тэрыторыі Беларусі. Мы звяртаемся да прадстаўнікоў Еўрапейскага саюза з прапановай увесці санкцыі ў дачыненні да структур так званай Саюзнай дзяржавы, якую Расія выкарыстоўвае для дэмантажу нашай незалежнасці і дзе Лукашэнка з'яўляецца паслухмяным іграком у камандзе Крамля, — заявіў Латушка (яго словы прводзіць Люстэрка).
Палітык таксама паабяцаў, што дэмакратычныя сілы працягнуць дамагацца адказнасці для Аляксандра Лукашэнкі і яго асяроддзя за ўчыненыя злачынствы. Латушка нагадаў, што работа вядзецца па трох напрамках: злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў, незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей і агрэсія супраць Украіны.
Латушка анансаваў новыя крокі ў гэтым кірунку.
— Лукашэнка ніколі так блізка не набліжаўся да міжнароднай крымінальнай адказнасці. І мы ўжо рыхтуем яму чацвёрты падарунак, — сказаў палітык.
Ён падкрэсліў, што беларускае грамадства даказала сваю суб'ектнасць цаной велізарных ахвяр і яго лёс не можа вырашацца без яго ўдзелу.
— Інакш чым гэта будзе адрознівацца ад палітыкі самога Лукашэнкі, які больш за 30 гадоў робіць менавіта гэта? — задаўся пытаннем ён.
Ён таксама згадаў пагрозу ўцягвання Беларусі ў гарачую фазу вайны і нагадаў пра стварэнне пры АПК сітуацыйнага штаба, які апрацоўвае сцэнарыі рэагавання на падобныя выклікі.
У завершанне прамовы Павел Латушка прызнаў, што за гады барацьбы ў многіх назапасіліся стомленасць, боль і выгаранне. Аднак, паводле яго слоў, альтэрнатывы працягу супраціву няма.
— Другі варыянт — гэта здацца і пагадзіцца з тым, што Беларусі больш не будзе і што нашы родныя застануцца ў турмах і што нашы дзеці страцяць радзіму. Такога варыянта для нас не існуе. У нас проста няма права спыніцца, — заключыў Латушка.
Ціханоўская: «Каб іх імёны не губляліся за колькасцю прысудаў і тэрмінаў»
Напярэдадні другога дня Канферэнцыі «Новая Беларусь» адбыўся Жаночы сняданак са Святланай Ціханоўскай. Мерапрыемства сабрала больш за 50 ўдзельніц з розным кантэкстам і ролямі: прадстаўніц беларускіх арганізацый і ініцыятыў, выпускніц Акадэміі жаночага палітычнага лідарства, спікерак і мадэратарак Канферэнцыі, былых палітзняволеных, а таксама замежных дыпламатак і партнёрак.
— Я гляджу на вас і думаю, колькі розных гісторый вы з сабой нясеце. У кожнай свае прычыны быць сёння тут: хтосьці займаецца палітыкай, хтосьці дапамагае людзям, хтосьці стварае беларускія праекты, хтосьці нядаўна пачаў усё спачатку... Галоўнае — сёння за гэтым сталом не трэба нічога даказваць адна адной, — прыводзіць словы лідаркі дэмсіл яе прэс-служба.
Асобны акцэнт у прамове быў зроблены на падтрымцы палітзняволеных жанчын. Ціханоўская згадала імёны Людмілы Чэкінай, Вольгі Маёравай, Вольгі Брыцікавай ды іншых жанчын, якія застаюцца за кратамі:
— Мне хочацца, каб, калі мы гаворым пра беларускіх жанчын і іх удзел у будучыні краіны, мы заўсёды пакідалі месца за сталом і для іх. Каб іх імёны не губляліся за колькасцю прысудаў і тэрмінаў, — падкрэсліла Ціханоўкая.
Читайте еще
Избранное