Общество

Алеся Матусевіч

Чаму беларуская мова сёння вельмі ўразлівая, але здольная адраджацца, як фенікс

Ці магчыма захаваць ідэнтычнасць без яе? І якія ў нас перспектывы без яе? Спойлер: сумнеўныя.

Як вайна ва Украіне паўплывала на самавызначэнне ўкраінцаў і беларусаў? Чым адметная беларуская эміграцыя новай хвалі? Чаму «аўстрыйскі» і «швейцарскі» варыянты не пасуюць Беларусі, і ці спрацуе беларусізацыя пад прымусам?

Гэтыя і многія іншыя пытанні абмяркоўвалі ўдзельнікі міжнароднага семінару «Мова і ідэнтычнасць: як яны звязаныя?», што адбыўся гэтымі днямі ў Варшаве. «Салідарнасць» паслухала.

Прадстаўніцтва АПК па нацыянальным адраджэнні ладзіць такія сустрэчы экспертнай супольнасці ўжо ў трэці раз.

У снежні 2024 года, згадвае Павел Баркоўскі, гутарылі пра моўную палітыку з прадстаўнікамі Украіны, Ірландыі, Уэльса — тых краін, што знаходзяцца ў блізкай з Беларуссю сітуацыі, калі мова шмат год знаходзіцца пад ціскам. Другім разам аналізавалі, як за савецкім часам змянілася беларуская тапаніміка і ці можна вярнуць вуліцам, плошчам, паселішчам гістарычныя назвы.

Сёлета ж — паспрабавалі разабрацца, наколькі шчыльна звязаныя мова і ідэнтычнасць. Што ў нашых умовах, калі толькі 10% школьнікаў навучаюцца па-беларуску, а носьбітаў роднай мовы нашмат меней, чым расійскай, зусім не пустое пытанне.

Пры гэтым як раней, так і сёння гучыць шмат меркавнняў на карысць «дзвюх дзяржаўных». Чыноўнікі лічаць, што беларускую ніхто не ўшчамляе, і няма чаго штучны пажар раздзімаць. Многія прапануюць ісці па «аўстрыйскай» або «швейцарскай» мадэлі — маўляў, вучыцеся, там жа гарманічна суіснуюць некалькіх моў, — а грамадству пакінуць тую, на якой зручней размаўляць. Але ці рэалістычна гэта для Беларусі?

Гісторык, культурны антраполаг Павел Церашковіч занурыўся ў гэтыя кейсы — і прыйшоў да высновы, што падобныя мадэлі не пасуюць нашай краіне, у якой зусім іншы гістарычны і культурніцкі досвед:

А ў рускамоўнай Беларусі, з майго гледзішча — невялікія шансы. Бо вялікае пытанне ці застанецца такая краіна незалежная дзяржавай.

Прадстаўніца даследчай кампаніі Info Sapiens падзялілася досведам Украіны. У супрацьстаянні расейскай агрэсіі нацыя згуртавалася, як ніколі, у тым ліку што да моўнага выбару. І калі ў 1994 годзе амаль чвэрць насельніцтва краіны называлі сябе этнічнымі расіянамі, то цяпер іх доля — 1%.

Рускамоўных украінцаў пасля пачатку вайны стала меней удвая, расійскую мову называюць роднай толькі 3% насельніцтва, у той час як украінскую — 80%. Але ж мы бачым, якую невымерную цану плацяць жыхары Украіны за права быць і заставацца — украінцамі…

Зрэшты, і многіх беларусаў падштурхнуў да свядомага выбару — быць беларускамоўнымі — менавіта гвалт, тэрор і палітычны пераслед, які не перапыняецца ад 2020 года, зазначае прафесар Варшаўскага ўніверсітэт Курт Вулхайзер. Ён вывучае новую хвалю беларускай эміграцыі і тое, як менавіта мова стала важным маркерам нерасійскай ідэнтычнасці, негатыўнага стаўлення да расійскага імперыялізму.

Новыя носьбіты мовы — людзі, якія выраслі ў рускамоўных гарадскіх сем’ях, але свядома перайшлі на беларускую, — гаворыць даследчык. — Як паказваюць звесткі апытанняў, большасць новай беларускай дыяспары — маладыя гараджане, з высокім узроўнем адукацыі. Часта яны праяўляюць высокую палітычную актыўнасць у падтрымцы мовы.

Актыўная дыяспара — наш безумоўны плюс. Але што ўнутры Беларусі? Вядомы сацыёлаг, прафесар Андрэй Вардамацкі не схільны ў ацэнках да алармізму. Больш за тое, гаворыць ён — беларуская ідэнтычнасць мае ўласцівасць штораз ажываць, як фенікс, пасля таго, як яе фактычна знішчылі.

— А рабілі гэта не раз. Калі палічыць колькасць вайсковых ботаў, якія праходзілі па тэрыторыі  Беларусі — яна найбольш шчыльная, — зазначае сацыёлаг. — Да таго ж, моцныя і супрацьлеглыя культурныя хвалі перашкаджаюць крышталізацыі нацыянальнай ідэнтычнасці, размываюць яе.

І тым не менш, паводле сучасных сацапытанняў і глыбінных інтэрв’ю — насуперак шматгадовай русіфікацыі, насуперак афіцыйным наратывам шмат хто ў краіне заўважае пашырэнне ўжытку беларускай мовы. Вардамацкі называе гэты феномен нябачнай беларусізацыі «падводным Гальфстрымам», які падтрымліваюць у тым ліку чыноўнікі невысокага ўзроўню. Хоць роля мовы як маркера ідэнтычнасці падвышаецца вельмі паступова.

А што да перспектыў — на думку прафесара, у моўным пытанні «неабходна філіграннае супадзенне хуткасці і сілы макрадзяржаўнага ўздзеяння і хуткасці ды патрэбы індывідуальнага ўспрымання».

Сярод шляхоў Вардамацкі называе эстэтычную і прагматычную прывабнасць мовы, стварэнне асяродку, выхаванне гонару быць беларусам праз гісторыю, але сапраўдную, без «чорных плямаў».

— Спадар Андрэй, а няма ў вас засцярогі, што калі чакаць гэтага супадзення, каб прыйсці да мовы натуральным чынам, не праз прымус, а праз любоў — то яно не наступіць ніколі? Тым часам колькасць дзяцей, якія вывучаюць беларускую, змяншаецца, колькасць беларусаў, якія называюць беларускую мову роднай, таксама…

— Калі па сутнасці — так, канешне, такая засцярога ёсць. Але ж калі на людзей абрынуцца вердыктамі і загадамі, то будзе антырэакцыя. Вось тут і мусіць быць мудрасць дзяржаўнага дзеяча, каб прайсці па лязу брытвы — і не ўпасці не туды і не туды.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)