«Мне б вельмі не хацелася, каб мы высвятлялі, хто перанёс больш: муж, які пакутаваў у ШЫЗА, альбо жонка, якая гадавала дзіця бяз бацькі»
Неўзабаве мае выйсьці кніга пра жонак палітвязьняў. Радыё Свабода пагутарыла зь ейнай аўтаркай псыхолягам Вольгай Вялічкай пра распаўсюджаны міт аб такіх жанчынах і пра тое, што варта ведаць ім самім, калі муж вяртаецца з турмы.
Псыхоляг Вольга Вялічка напісала кнігу пра жонак, у якіх мужы сядзяць у турме за палітыку. Кніга мае выйсьці да канца году ў выдавецтве Gutenberg.
Гэта ўжо другая кніга аўтаркі. Першая расказвае пра перажываньні дзяцей, чые бацькі ўвязьненыя за палітыку, — «Ад 2 да 15: мая мама ў турме». Сёлета яна атрымала прэмію Алеся Адамовіча.
«Гэтая кніга наогул пра нас, беларускіх жанчын», — кажа пра сваю другую кнігу аўтарка.
Жонкі, якія гэтага не выбіралі
Вольга Вялічка пачала запісваць гісторыі дзяцей і жонак палітвязьняў зь 2022 году. Яна працуе як псыхоляг з былымі палітзьняволенымі і іхнімі сем’ямі. Усяго ў ейнай практыцы было каля ста такіх жанчын.
У кнігу ўвайшлі гісторыі пятнаццаці зь іх, некаторыя пад сапраўднымі імёнамі, іншыя ананімныя. Сярод гераіняў — Сьвятлана Ціханоўская і Алеся Рак, жонка журналіста Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка.
Аўтарка выбірала розныя сытуацыі, дзе лёс жанчын адрозьніваецца, каб чытач мог убачыць агульную карціну.
«Спрабуюць нябачнымі гераінямі назваць, гераізаваць іх спрабуюць, навесіць на іх тое, што яны абавязаныя рабіць», — кажа аўтарка пра стаўленьне часткі грамадзтва да жонак палітвязьняў.
Яна б хацела, каб празь ейную кнігу людзі ўбачылі «лёс простых жанчын, жонак, якія не пагаджаюцца».
«Я ніводнай жанчыны не сустрэла, каб яна казала: «Окэй, я пагадзілася быць жонкай мужа, які будзе адбываць пакараньне ў турме». Гэта вялікі міт, які нашае грамадзтва хоча бачыць. Нам патрэбныя героі. Гэтыя героі ў ідэале мусяць быць мёртвымі героямі. І побач з гэтымі героямі мусяць быць жанчыны. Вось гэта ідэальная карцінка для нашага грамадзтва», — з доляй іроніі кажа суразмоўца.
Вольга Вялічка хацела даць голас тым жанчынам, якія праз гэты міт ня могуць публічна расказаць, што яны адчуваюць і чым жывуць.
Пытаньні гэтых жанчын — «А дзе грошы браць?», «А як дзяцей выхоўваць?», «Чаты школьныя пачынаюцца, ад мяне ўсяго хочуць», «А як сына альбо дачку падрыхтаваць, каб яны ў школе не гаварылі, што тата сядзіць у турме?», «А што рабіць з сэксуальным жыцьцём?», «А што рабіць, калі я хачу стаць маці яшчэ раз альбо наогул маці хачу стаць?»
«Я ахвярую сваім жыцьцём і жыцьцём сваіх дзяцей дзеля чаго? Я прасіла яго на першае месца ставіць сям’ю, а ён стаў у змаганьні», — пераказвае перажываньні такіх жанчын псыхоляг.
Яна заўважае, што калі некаторыя мужчыны выбіралі ісьці на рызыку і былі больш гатовыя да таго, што могуць сесьці ў турму, то іхнія жонкі звычайна не выбіралі гэтага. Але меліся даваць рады з наступствамі.
«Зараз я вымушаная разам зь ім гэта ўсё праходзіць. Ніхто ў мяне не пытаўся: ці падрыхтаваная я, ці хачу я гэтага, ці не хачу, ці магу я праз гэта праходзіць?» — паўтарае словы такіх жанчын Вольга.
Ня час пра гэта пісаць?
Аўтарка кнігі дзеліцца, што некаторыя людзі казалі ёй: зараз ня час пісаць пра перажываньні жонак палітвязьняў.
«А калі будзе той час? Пакуль муж сядзіць у турме — «ня час пісаць». Потым муж выйдзе з турмы — «ня час пісаць». Потым ён адаптуецца. А навошта ўжо пісаць? Гэта падобна да гісторыі 70 гадоў таму, калі жанчыны чакалі мужоў з вайны. Заўсёды ня час на адлюстраваньне жаночага лёсу», — кажа Вольга Вялічка.
Вольга Вялічка назірае, як пасьля 2020 году многія беларусы гераізуюць, ідэалізуюць палітвязьняў. Аднак палітвязьні, паводле суразмоўцы, — гэта вельмі шырокая група людзей, якія маюць права паводзіць сябе па-іншаму, чым ад іх могуць чакаць, і выказваць свае думкі, адрозныя ад уяўленьняў іншых людзей.
«Гісторыі жанчын, якіх гвалцілі палітвязьні, вярнуўшыся з турмы, якіх білі палітвязьні, якіх палітвязьні прымушалі да розных рэчаў. Канешне, зараз такое выносіць нібыта ня час. Але хто вызначае, час ці ня час?», — разважае Вольга Вялічка.
Яна прыводзіць клясычны прыклад з сваёй практыкі.
«Муж выйшаў з турмы. Жанчына яго чакала, клапацілася, хлеб выбірала, сыр, каўбасу, сала саліла. І яна хоча пра гэта пагаварыць, які шлях яна пражывала. Выходзіць муж са сваімі пакутамі і даволі часта заяўляе ёй — я працытую адну са сваіх гераінь: «А што ты такога зрабіла? Гэта роля нармальнай, звычайнай жонкі». Тут няма нічога новага. Гэта патрыярхальны лад жыцьця: мужчына — галава сям’і, «як я сказаў, так і будзе», жонка мусіць падпарадкоўвацца», — кажа псыхоляг.
На думку Вялічкі, калі жанчына выехала за мяжу і ўбачыла іншае стаўленьне да жанчын у эўрапейскіх краінах, яна больш не пагодзіцца вярнуцца да старой ролі.
Суразмоўца падкрэсьлівае, што яна піша ў кнізе не пра выключэньні, а пра тыповыя сытуацыі, бо працавала з сотняй такіх гісторый.
Аўтарка папрасіла сямейных мужчын-палітвязьняў прачытаць ейны рукапіс і напісаць водгук. Чатыры такія рэцэнзіі, у тым ліку ад праваабаронцы Алеся Бяляцкага, увайшлі ў кнігу. Мэта — ураўнаважыць жаночы і мужчынскі погляд у кнізе.
«Мне б вельмі не хацелася, каб мы высьвятлялі, хто перанёс больш: муж, які пакутаваў у ШЫЗА, альбо жонка, якая гадавала дзіця бяз бацькі. Гэтыя параўнаньні абсалютна недарэчныя. Пацярпелі ўсе. І нельга сказаць, што пацярпелі аднолькава. Кожны цярпеў па-свойму», — перакананая псыхоляг.
«Нічога не заканчваецца з выхадам мужа з турмы»
Важная думка ў кнізе, паводле аўтаркі, — нічога не заканчваецца з выхадам мужа з турмы.
«З выхадам з турмы ўсё толькі пачынаецца. Бо вярнуўся зьменены чалавек — праз пакуты, несправядлівасьць, зьдзекі. Чалавек быў у ненармальных умовах. І жонка пад абставінамі вымушанай адзіноты таксама зьмянілася. Яны думаюць, што будзе ўсё, як было. Але прыстасавацца да новага ладу жыцьця пасьля зьняволеньня — гэта супэрвялікая задача, празь якую, на жаль, ня кожная пара здольная прайсьці», — падсумоўвае псыхоляг.
Яна зьвяртае ўвагу, што такія пары, якія здолелі, ёсьць. Іх можна назіраць і ў публічнай прасторы.
Аўтарка апісвае ў кнізе ўсе этапы, якія праходзіць жонка палітвязьня: ад ператрусу да пераводу ў сьледчы ізалятар, суду і збору на этап у калёнію.
«Ліставаньне як адбываецца, стасункі са сьвякрухай як адбываюцца, сэксуальнае жыцьцё як адбываецца. Ёсьць гісторыі жанчын, якія апісвалі сваё жыцьцё пасьля вяртаньня мужа: дзе людзі пераадолелі крызіс; дзе людзі разышліся; дзе пераехалі ў іншыя краіны», — расказвае яна.
Распавядаючы пра тое, як жанчыны вырашаюць пытаньне з сэксуальным жыцьцём, калі муж за кратамі, Вольга ўспамінае выпадак, калі муж за кратамі дазволіў жонцы здрадзіць.
«Муж, калі дазволіў, сказаў: «Можаш наогул са мной разьвесьціся». Жонка траўмаваная была тым, што яна для яго ўсё робіць, а ён ёй такое піша. «Калі ён мне такое піша, дазвол атрыманы, так я пайду і зраблю». Ці шкадавала яна пасьля? Так, шкадавала», — расказвае суразмоўца.
Ёсьць і гісторыі з гумарам, прыкладам, гісторыя Алесі Рак і Андрэя Кузьнечыка.
«Калі мы жаніліся, я не захацела браць прозьвішча мужа, таму што два Кузьнечыкі — гэта ня так цікава, як Кузьнечык і Рак», — прыводзіць фрагмэнт Вольга.
У кнізе ёсьць парады ад аўтаркі жанчынам, якія чакаюць мужоў з турмы.
«Да вас вернецца чалавек, які фізычна зьмяніўся. Гэта будзе праяўляцца ў ягоным целе, у яго твары, у яго дзеяньнях, у яго рэжыме жыцьця. Каб прыстасавацца да вольнага жыцьця, яму спатрэбіцца час. За той час, калі яго не было, вы прывыклі жыць сваім жыцьцём: імбрык закіпяціць, кашу зварыць. Вы прывыклі весьці гаспадарку безь яго. Вернецца чалавек, які на некаторы час будзе патрабаваць вашай апекі», — дзеліцца асноўнай высновай Вольга Вялічка.
Яна адзначае, што важна не зацягнуць з гэтай апекай. Ня варта ператвараць мужа ў дзіця. Да прыкладу, у мужчын, якія прасядзелі менш за пяць гадоў, на адаптацыю сыходзіць паўгоду-год.
«Залежыць ад характару чалавека. За амаль пяць гадоў працы ў гэтай тэме я прыходжу да высновы, што турма не зьмяняе чалавека. Яна ў разы абвастрае ўсе добрыя і нэгатыўныя рысы», — камэнтуе суразмоўца.
«Жанчына мала каго цікавіць. Цікавіць яе муж»
Псыхоляг адзначае, што таксама людзі, якія знаходзяцца побач з жонкамі палітвязьняў, не заўжды паводзяць сябе так, каб гэта дапамагала ім перажыць складаны час.
Калі незнаёмыя людзі падыходзяць на вуліцы, абдымаюць і выказваюць спачуваньні, ня ўсіх жанчын гэта падтрымлівае, ня ўсім гэта патрэбна.
«Магчыма, ёй трэба, каб паглядзелі за дзецьмі, каб завялі дзяцей на гурток, каб ежу прынесьлі, прыгатавалі, каб на канцэрт запрасілі», — разважае суразмоўца.
Вольга Вялічка падкрэсьлівае, што часта людзі ў размове з жонкамі палітвязьняў цікавяцца выключна лёсам зьняволенага мужа, але ня тым, як сябе адчувае цяпер сама жанчына.
«Сама па сабе жанчына мала каго цікавіць. Цікавіць яе муж. Яна, як мне падаецца, ня моцна абавязаная дакладваць грамадзтву і супакойваць грамадзтва. Яна не пагаджалася быць гераіняй», — тлумачыць суразмоўца.
Вольга мяркуе, што ідэалізаваць жонак палітвязьняў таксама ня варта.
«Я мушу для справядлівасьці сказаць, што ёсьць жанчыны, якія карыстаюцца сытуацыяй з мужам дзеля сваёй выгады. Ганарацца, што ў іх муж — палітвязень, прысвойваюць сабе гэта, як дасягненьне», — дадае яна.
Аўтарка кнігі заўважае, што ейная кніга расказвае гісторыі, якія перагукваюцца з гісторыямі беларускіх жанчын у розныя пэрыяды ў патрыярхальным грамадзтве.
«Я чакаю крытыку ад мужчын. Любая адэкватная дыскусія — гэта добра. Таму буду радая, калі гэтая кніжка выкліча дыскусію», — кажа аўтарка.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное