Политика

Віктар Бабарыка: Я не патрэбны Ціханоўскай і дэмакратычнаму руху ні ў якой якасьці

Віктар Бабарыка заявіў, што ня бачыць сябе ў дзейнай сыстэме беларускіх дэмакратычных сілаў. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію Радыё Свабода падчас канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве.

Віктар Бабарыка падчас канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве. Фота: lookby.media

Адказваючы на пытаньне, чаму ён не сьпяшаецца далучацца да дзейнасьці дэмакратычных сілаў як грамадзкі і палітычны лідэр, Бабарыка сказаў, што цягам паўгоду аналізаваў падзеі апошніх шасьці гадоў і спрабаваў зразумець, «наколькі я магу быць патрэбны палітычнаму лідэру, руху, якія існуюць».

— Маё вызначэньне палітычнага актывіста або лідэра, ці тым больш проста палітыка, вельмі-вельмі складанае, бо я неяк даваў сваё паняцьце, хто такі палітык. І калі ў 2020-м годзе я ім дакладна быў, то цяпер вельмі складана сказаць, ці зьяўляюся я палітыкам.

Я паўгоду ці крыху больш патраціў на тое, каб прааналізаваць, а што, уласна, за ўсе гэтыя 6 гадоў адбылося, і наколькі, як мне здаецца, я магу быць патрэбны палітычнаму лідэру, руху, якія існуюць. І, як і ў 20-м годзе, я зразумеў, што нікому не патрэбны, — сказаў Бабарыка.

Ён дадаў, што і ў 2020-м годзе «ня быў патрэбны нікому зь дзейных партыяў і лідэраў, якія існавалі на той момант».

— Тая самая гісторыя назіраецца і цяпер. То бок я не патрэбны дзейным гульцам ні ў якой якасьці, — адзначыў ён.

На пытаньне, ці прапаноўваў ён супрацоўніцтва прадстаўнікам дэмакратычных сілаў, Бабарыка адказаў адмоўна.

— Я ніколі нікому нічога не прапаную. Калі я камусьці патрэбны, звычайна прыходзяць і кажуць: «Слухайце, давайце разам папрацуем», — сказаў ён.

Віктар Бабарыка — былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку», які ў траўні 2020 году абвясьціў пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Яго затрымалі 18 чэрвеня 2020 году разам з сынам Эдуардам, калі яны ішлі здаваць у Цэнтральную выбарчую камісію подпісы, сабраныя за вылучэньне.

У ліпені 2021 году суд прысудзіў Бабарыку 14 гадоў калёніі паводле абвінавачаньняў у атрыманьні хабару і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам. Сам ён віны не прызнаў і называў перасьлед палітычна матываваным.

Зь лютага 2023 году Бабарыку ўтрымлівалі ў рэжыме інкамунікада, а ў сьнежні 2025 году яго вызвалілі і вывезьлі зь Беларусі ў ліку 123 палітвязьняў пасьля перамоваў беларускіх уладаў з прадстаўнікамі ЗША. Цяпер ён жыве ў Нямеччыне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(4)