«А пад ранак Франак, Света сняцца… Аж па тры разы!..»
Паэт Уладзімір Някляеў паскардзіўся, што яго ўвесь час просяць выказацца пра палітыку. Ён нарэшце не вытрымаў і апублікаваў верш.
— Варшава. Стральцоўскі фестываль паэзіі «Вершы на асфальце». Размова пра літаратуру. А пытанні журналістаў (як паўсюль і заўсёды) пра палітыку, — піша Уладзімір Някляеў. — І сярод найпершых:
– Чаму вы ніяк не выказвайцеся пра сітуацыю ў палітычнымм асяродку эміграцыі?
– Бо не хачу.
– Чаму?
– Таму што не займаюся палітыкай. Займаюся літаратурай. Лічу, што ў ёй змагу зрабіць больш, чым у палітыцы.
– У такім разе маглі б выказацца пра палітыку як паэт.
Урэшце не стрываў. І ў другі дзень фестываля, які супаў з днём закаханых, выказаўся.
У кахання — імяніны!
Свята міжнародных мас.
А якая ў нас карціна?
Хто і як святкуе ў нас?
Хто як хоча, так і скача
Вольны танец змагара…
Наша Маша ў немцах плача —
Не хапае ёй дабра.
Каб суцешыць Машу, немцы
Прыкупляюць рускі газ.
Немцы ўсё-ткі іншаземцы,
Хоць не раз бывалі ў нас.
А ў другім канцы сусвету,
Зморшчыўшы сакратаў лоб,
«Як бы скінуць Свету гэту?» —
Думу думае Пракоп. —
Хто з лабастых беларусаў
Паспрыяць у тым гатоў?
Ці бясвусы Павел Вусаў,
Ці паголены Краўцоў?»
А ў краіне недалёкай
Пад касцёльны ціхі звон
У тузе па Сінявокай
Не засне ніяк Зянон.
Ён баіцца, што прысніцца
Трамп з імпічментам, але
Прылятае ў сны сініца
З флейтай Машы на крыле.
А пад ранак Франак, Света
Сняцца… Аж па тры разы!..
Ды яшчэ з кардэбалета
Процьма ўсякай драбязы!
Прэцца з енкам аб народзе
У палітыку балет!..
Ды стаіць на пераходзе
Пераходны кабінет.
Там, на самай верхатуры
Пад рэжымам секчы сук
Сеў былы міністр культуры…
Ён Зянону не сябрук.
Бабарыку не таварыш:
Той не ведае, чый Крым?..
З ім ні каву не запарыш —
Ні рэжым не скінеш з ім.
Але як у свеце крыку,
Дзе ў дуэце рык ды віск,
Разабрацца Бабарыку
Чый той Крым? І чый той Мінск?
Ці не лепш у гаме-тлуме
Гэты час не памаўчыць?..
Ну, тым больш, што ў мінскім ГУМе
Анічога не чуваць.
Хоць крычы, рычы на вуха:
«Слухай, што табе скажу!..» —
Толькі вецер коціць глуха
Завіруху праз мяжу.
Але нават праз стагоддзі,
Да Хрыста і па Хрысце,
Нашы мары аб свабодзе
Сцюжаю не замяце.
Не зумерзнуць іх вытокі,
Покуль свецяць над зямлёй
Нашы белыя аблокі,
Набрынялыя крывёй.
Аніхто не зробіць пусткі
З краю нашага ўсяго,
Покуль люд ёсць беларускі
З Божай верай у яго!
І не засцяць шлях ягоны
Зайздрасць, пыха, хіжасць, злосць…
Ён — караны й не скароны,
Ён — і Светы, і Зяноны,
Ён — мы ўсе!..
Калі мы ёсць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное