Паводле некалькіх чыноўнікаў Эўразьвязу, зь якімі Радыё Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці, Злучаныя Штаты не аказвалі ціску на ЭЗ, каб той зьмякчыў свае абмежавальныя меры або дазволіў транзыт гэтай беларускай прадукцыі праз сваю тэрыторыю.
Ці можа Беларусь чакаць павелічэньня экспартных даходаў пасьля кроку ЗША?
Эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода / Радыё Свабодна Эўропа Рыкард Юзьвяк аналізуе, які ўплыў на Беларусь і на ўвесь сьвет можа аказаць зьмякчэньне санкцый ЗША ў часе, калі цэны на калійныя ўгнаеньні растуць праз вайну на Блізкім Усходзе.
19 сакавіка Злучаныя Штаты абвясьцілі пра зьмякчэньне санкцый супраць некалькіх беларускіх кампаній, у тым ліку «Беларуськалію», яго маркетынгавага падразьдзяленьня — «Беларускай калійнай кампаніі», а таксама даччынага ўтварэньня ва Ўкраіне «Агророзквіт». Гэта адбылося пасьля таго, як было дасягнута пагадненьне аб вызваленьні 250 палітвязьняў.
Зьмякчэньне санкцый і чарговае вызваленьне палітвязьняў сьведчаць аб пацяпленьні адносінаў паміж Вашынгтонам і Менскам, якое пачалося з пачатку другога тэрміну прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
Чаму гэта важна для Беларусі?
Розныя віды калійных угнаеньняў былі асноўным таварам беларускага экспарту. Паводле ацэнак экспэртаў, у 2024 годзе яны прынесьлі больш за 1 мільярд долараў. На Беларусь прыпадае каля 15 працэнтаў сусьветнай вытворчасьці ўгнаеньняў.
Раней Беларусь мела яшчэ большую долю, перш чым стала абʼектам заходніх санкцый, уведзеных пасьля жорсткіх рэпрэсій супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. На іх Лукашэнка абвясьціў пра сваю перамогу, нягледзячы на шматлікія сьведчаньні пра фальсыфікацыі.
У тым годзе Беларусь атрымала амаль 2,5 мільярда даляраў ад гандлю ўгнаеньнямі. Пазбаўленая доступу да прыбытковых рынкаў ЗША і Эўропы, Беларусь замест гэтага нацэлілася на іншых буйных імпартэраў угнаеньняў, такіх як Бразылія, Кітай і Індыя. Нягледзячы на гэта, абʼёмы гандлю скараціліся.
Ці скасуе сьледам за ЗША санкцыі Эўразьвяз?
Выглядае, што гэтага не адбудзецца. У канцы лютага ЭЗ аднагалосна падоўжыў свае эканамічныя санкцыі супраць краіны яшчэ на год. Гэтыя меры ўключаюць забарону на імпарт беларускіх азотных угнаеньняў і мэтанакіраваныя санкцыі супраць такіх кампаній, як «Беларуськалій».
І хоць калійныя ўгнаеньні ўсё яшчэ можна імпартаваць, яны таксама паступова губляюць свае пазыцыі. У мінулым годзе Эўразьвяз дадаў пошліны ў памеры 40-45 эўра (45-50 даляраў) за тону ў дадатак да 6,5-працэнтнага тарыфу на прадукцыю зь Беларусі і Расеі. І хоць гэта ня надта паўплывала на сытуацыю, пошліна павялічыцца да 60 эўра за тону гэтым летам і да 80 эўра ў наступным годзе, а да 2028 году яна мае дасягнуць 350 эўра за тону.
Па сутнасьці, гэтае павелічэньне зробіць эканамічна немэтазгодным для замежных рынкаў купляць беларускую прадукцыю.
Пытаньне ў тым, ці захочуць эўрапейскія фэрмэры, адна з наймацнейшых лабісцкіх групаў у ЭЗ, зьнізіць або адмяніць гэтыя тарыфы, калі выдаткі на вытворчасьць сёлета працягнуць расьці. Уласная вытворчасьць угнаеньняў у Эўразьвязе значна даражэйшая праз больш жорсткае экалягічнае заканадаўства і недахоп таннага газу.
Каб адмяніць цяперашнія санкцыі патрэбна кваліфікаваная большасьць галасоў 27 краінаў ЭЗ, і ва ўмовах, калі рынкі будуць сутыкацца з праблемамі, такі сцэнар варта адсочваць.
Як на гэта ўплывае іранскі канфлікт?
Тут ёсьць некалькі аспэктаў. Удары па абʼектах вакол Пэрсыдзкай затокі спынілі суднаходзтва праз жыцьцёва важную Армускую пратоку. Праз гэты водны шлях перавозяць каля адной пятай часткі сусьветных энэрганосьбітаў. Ён таксама апрацоўвае каля 20-30 працэнтаў сусьветнага экспарту ўгнаеньняў, у тым ліку каля 20 працэнтаў сусьветных абʼёмаў гандлю звадкаваным прыродным газам (ЗПГ) — ключавым кампанэнтам хімічных угнаеньняў.
Важна адзначыць, што 50 працэнтаў усіх сусьветных паставак серы праходзіць праз гэтую пратоку. Як пабочны прадукт перапрацоўкі нафты і газу, сера зьяўляецца неабходным інгрэдыентам у вытворчасьці фасфатных угнаеньняў.
З пачатку вайны сусьветныя цэны на ўгнаеньні павялічыліся на 25 працэнтаў і, як чакаецца, рэзка ўзьляцяць. Азія асабліва ўразьлівая да гэтага росту. На яе прыпадае большая частка перавозак як ЗПГ, так і ўгнаеньняў праз Пэрсыдзкую затоку. Індыя, якая вельмі мае патрэбу ў каліі да пачатку сэзону мусонаў у чэрвені, — гэта, мабыць, краіна, за якой варта сачыць найбольш.
Таксама важным фактарам будзе і Афрыка на поўдзень ад Сахары. Нягледзячы на тое, што кантынэнт не зьяўляецца параўнальна буйным імпартэрам угнаеньняў, многія афрыканскія фэрмэры ня маюць фінансавых магчымасьцяў для таго, каб кампэнсаваць рост сусьветных цэн. У выніку можа зьнізіцца ўраджайнасць, што прывядзе да недахопу харцоў на мясцовых рынках.
Павышэньне сусьветных цэн на нафту і газ таксама будзе мець наступствы для фэрмэраў на Захадзе, бо чакаецца, што вырастуць выдаткі на улікам транспартаваньня і ахалоджваньне.
Ці можа Беларусь чакаць павелічэньня экспартных даходаў у хуткім часе?
Такое можа адбыцца, хоць усё ня так проста. Бразылія, Кітай і Індыя могуць павялічыць імпарт калійных угнаеньняў зь Беларусі, бо імавернасьць пакараньня ў выглядзе другасных санкцый ЗША яшчэ больш зьменшылася. Але ёсьць і складанасьці.
Па-першае, санкцыі ЭЗ у дачыненьні да калійных угнаеньняў застаюцца. Гэта азначае, што Беларусь ня можа транспартаваць гэтыя ўгнаеньні самым хуткім і танным спосабам: праз парты краін Балтыі, у прыватнасьці, Клайпеду ў Літве. Гэта азначае, што Беларусі ўсё роўна прыйдзецца адпраўляць свае ўгнаеньні па расейскіх чыгунках у Санкт-Пецярбург, што займае больш часу.
Гэтыя маршруты таксама перагружаныя расейскімі ўгнаеньнямі. Расея зьяўляецца другім па велічыні вытворцам гэтага прадукту ў сьвеце, на долю якой прыпадае пятая частка сусьветнага экспарту, і яна імкнецца скарыстацца рынкавымі магчымасьцямі, якія зьявіліся дзякуючы закрыцьцю Армускай пратокі.
Таксама незразумела, ці асабліва зацікаўлены ЗША, яшчэ адзін буйны імпартэр угнаеньняў. Пастаўкі прадукцыі з Беларусі могуць быць ня вельмі выгаднымі, бо Канада, безумоўны сусьветны лідэр па экспарце ўгнаеньняў, зьяўляецца бліжэйшым і прасьцейшым варыянтам.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное