Мацукевіч: «Не бачу доказаў таго, што ўлады Беларусі кантралююцца Крамлём»

Былы дыпламат, аналітык «Цэнтра новых ідэй» Павел Мацукевіч — пра адносіны Беларусі і Расіі.

— Так, у (многіх – С.) беларусаў у краіне прыязнае стаўленне да саюза за Расіяй, але было б дзіўна, калі б у тых умовах, у якіх зараз існуе Беларусь, было б інакш, — разважае Павел Мацукевіч на Радыё Свабода. —Бо Расія зараз, калі паглядзець з пункту гледжання тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, гэта адна з нешматлікіх, фактычна адзіная краіна, якая ратуе Беларусь.

Бо яна дае рынак, дае танныя энерганосьбіты, дае магчымасць вандраваць, шляхі для гандлю з іншымі краінамі, дае грошы, турыстаў, дае эканоміцы працаваць, а дзяржаве плаціць заробкі грамадзянам.

А з іншага боку ёсць Еўразвяз, які забараняе ўезд аўтамабіляў з беларускімі нумарамі (тая ж Літва). А каб прайсці беларуска-польскую мяжу, трэба стаяць у чарзе суткі-двое.

Так, людзі жывуць у расійскай інфармацыйнай прасторы. Але я не думаю, што сітуацыя вельмі драматычная.

Калі зменіцца кантэкст, зменіцца і стаўленне людзей. Усё ж думкі і дзеянні моцна залежаць ад кантэксту.

Я ўпэўнены ў гэтым. Гэта не першы выклік, з якім гістарычна сутыкаюцца беларусы. Гэта такі фармат выжывання, і ён працуе.

Мацукевіч лічыць, што адцягнуць Беларусь ад Расіі можа і пэўная адліга адносін з Захадам.

— Тут галоўнае, што беларускія ўлады, якія б яны ні былі, са сваіх інтарэсаў ідуць на гэта, зацікаўлены ў гэтым. У прынцыпе яны дэкларавалі гатоўнасць аднаўлення дыялогу з Захадам, пачынаючы з 2021 года. Можна прыгадаць таемныя лісты пакойнага Уладзіміра Макея — давайце перагорнем старонку і пачнём усё з чыстага ліста.  

То-бок, самі ўлады зацікаўлены ў тым, каб гэты дыялог распачаўся, каб межы адкрыліся і стасункі нармалізаваліся.

У той жа час, думаю, што менавіта міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў робіць толькі тое, што спускаецца да яго зверху. Не ўпэўнены, што сёння наогул існуюць людзі, якія могуць зайсці да Лукашэнкі і нешта прапанаваць.

Хутчэй за ўсё яны нешта прапануюць, калі ў іх запытваюцца. І прапануюць вельмі асцярожна, бо ведаюць, пра што зараз можна казаць, а пра што не.

Галоўнае, паўтару, тое, што жаданне наладзіць стасункі з заходнім светам ёсць у Лукашэнкі. Вядома, што праз свае інтарэсы, але гэтыя яго інтарэсы, выглядае так, што супадаюць з нашымі.

Пры гэтым я не бачу нагодаў ці выразных доказаў таго, каб сцвярджаць, што ўсе ўлады Беларусі кантралююцца Крамлём. Напрыклад, мы не бачым прызначэнняў на адказныя пасады, якія робяцца па загадзе Крамля.

Наадварот, калі паўстае нейкая сувязь з Крамлём, чалавек хутчэй недзе знікне як адзінка, якая мела нейкую вагу. То-бок кадравая палітыка выразна робіцца ў Мінску.

Сітуацыя ўнутры Беларусі цалкам кантралюецца менавіта беларускімі ўладамі, сітуацыя на мяжы — таксама. Расійскіх вайскоўцаў стала менш. Магчыма, гэта з-за таго, што ідзе вайна і ў Расіі проста недастаткова вайскоўцаў, каб утрымліваць іх вялікую колькасць яшчэ і ў Беларусі.

Але Беларусь робіць тыя крокі, якія не робіць Расія, той жа бязвізавы рэжым, ваенныя вучэнні, на якія запрашаюць наглядальнікаў. Ідзе развіццё амерыканскага трэку, спробы развіцця адносін з іншымі заходнімі краінамі — гэта таксама, думаю, беларуская ініцыятыва.

Яны, безумоўна, паглядаюць на Маскву, але Беларусь заўсёды паглядала на Маскву.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(56)