Навумчык: «Быў шанец зьмясьці рэжым Лукашэнкі, арганізаваўшы страйк хаця б на дзясятку прадпрыемствах. Не дапамог бы і Пуцін»

Публіцыст — пра ўрокі гісторыі і Красавіцкі страйк 1991-га.

— Спаўняецца 35 гадоў легендарнаму Красавіцкаму страйку 1991 году, які быў моцным ударам па камуністычнай сыстэме ў працэсе здабыцьця Незалежнасьці, — піша Сяргей Навумчык. — У свой час філосаф Валянцін Акудовіч пісаў, што рабочыя нібыта выступілі антаганістамі БНФ і нібыта выйшлі пад чырвонымі сьцягамі з лёзунгамі захаваньня СССР.

Насамрэч, усё было якраз наадварот: на Плошчу ішлі пад нацыянальнымі сьцягамі, а наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнага статусу было адным з асноўных патрабаваньняў нароўні з эканамічнымі.

У Менску на Плошчы сабраўся 100-тысячны мітынг, у Воршы рабочыя перакрылі чыгунку. Застрайкавалі шахцёры ў Салігорску.

Пачаўся страйк стыхійна, у выніку раптоўнага падвышэньня ўрадам Гарбачова цэнаў на прадукты і тавары (праз два тыдні пасьля рэфэрэндуму аб захаваньні СССР, у якім, як фармулявалася ў пытаньні «будуць у поўнай меры гарантавацца правы і свабоды чалавека»). Але да страйку БНФ ня тое што быў падрыхтаваны — ён, уласна, стварыў для яго структуры.

На гэта зьвярнуў увагу першы намесьнік старшыні ВС С. Шушкевіч, праўда, у своеасаблівым кантэксьце — ён выступіў на баку камуністычнага кіраўніцтва і заявіў у прамым эфіры тэлебачаньня: «Да чыстага парыву рабочых прымазаліся тыя, хто шукае выгады для сябе... У дзеяньнях страйкаму адчуваецца рука вопытных арганізатараў».

Увогуле, Шушкевіч быў ня надта далёкі ад ісьціны.

«Якую ролю ў красавіцкіх падзеях адыграў БНФ? Немалую, — сьцьвярджаў у тыя дні ў «Навінах БНФ» Юры Дракахруст. — Па-першае, спрацавала двухгадовая дзейнасьць БНФ, мітынгі, выступы ў друку, праца апазыцыі ў ВС Рэспублікі...

На пляц перад Домам ураду рабочыя таксама пайшлі па шляху, пракладзеным БНФ... апрача таго, БНФ паўплываў, так-бы мовіць, арганізацыйна. У 1988 годзе ён абудзіў да грамадзянскага жыцьця розных людзей, аб’яднаных непрыняцьцем таталітарызму. Групы БНФ маглі быць вельмі маленькімі — некалькі чалавек на велічэзны завод, але яны былі амаль паўсюдна...

Калі ж пачаліся страйкі, сябры БНФ апынуліся на сваім месцы. Многія зь іх увайшлі ў страйкамы, сталі іхнімі лідэрамі. Яны адразу надалі руху арганізаваныя формы. Палітычны досьвед сяброў БНФ на заводах дапамог рабочым у іхняй барацьбе».

Сустаршынямі Менскага гарадзкога страйкаму былі абраныя Сяргей Антончык, Генадзь Быкаў і Георгі Мухін. Усе яны мелі пэўны палітычны вопыт: Антончык — дэпутат Менскага гарсавета і парлямэнцкай Апазыцыі БНФ, Быкаў — член Рады БНФ Партызанскага раёну, Мухін — член Сойму і Ўправы БНФ. Сустаршынём страйкаму 4-га рудаўпраўленьня быў абраны член Салігорскай Рады БНФ Іван Юргевіч.

Апазыцыя БНФ падтрымала рабочых і сабрала подпісы за скліканьне нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету для прыняцьця палітычных і эканамічных рашэньняў. У мяне захаваўся чарнавік нашай першай заявы, пачатак напісаны рукой Валянціна Голубева, далей — маёй.

Перакананы, што ў 2020 быў шанец зьмясьці рэжым Лукашэнкі, арганізаваўшы страйк хаця б на дзясятку бюджэтаўтворных прадпрыемствах — МТЗ, МАЗе, МЗКТ, Беларуськаліі, Наваполацкім і Мазырскім МТЗ, гарадзенскім «Азоце». Праз колькі тыдняў краіну чакаў бы эканамічны калапс, які мог адчыніць шлях да зьмены ўлады. Ва ўсякім разе, стварыў бы для гэтага значна большыя магчымасьці. Не дапамог бы і Пуцін: можна разагнаць, нават расстраляць шматтысячнае шэсьце, але да кожнага страйкоўца АМАПаўца ці «россгвардейца» не прыставіш.

Нездарма ў жніўні 20-га ўсе сілы КГБ былі кінутыя на прадпрыемствы і індывідуальнае запалохваньне актывістаў. Але падрыхтоўка такога страйку, канешне, мусіла весьціся загадзя. Пра тое, як паставіліся да прапановаў тых, хто меў досьвед такой працы («Вы всё пр....ли, а мы вам сейчас покажем, как нужно делать революцию!»), ужо пісалася.

Будзем спадзявацца, што ўрокі зь мінулага зробленыя.

А сёньня хачу з падзякай прыгадаць тых, хто ў красавіку 91-га выйшаў бараніць свае правы, свае сем’і і сваю Беларусь.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(24)