Ускосна гэта сведчыць пра працяг русіфікацыі. Колькасць тых, хто навучаецца на беларускай мове, скарачаецца, і гэта свядомая палітыка, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі.
Уварванне ва Украіну – да жаху яскравы прыклад таго, куды вядзе міф пра «один народ»
Чаму нам усім трэба засвоіць, што Беларусь — не Расія.

Крамлёўская прапаганда не стамляецца прасоўваюць наратыў аб тым, што беларусы і расейцы — «адна нацыя». І яна ў гэтым не самотная, бо мае памочнікаў у Беларусі, якія дзесяцігоддзямі спрыяюць у гэтым.
Сумнавядомаму халуйскаму выказванню Лукашэнкі пра тое, што «беларусы — это те же русские, только со знаком качества», амаль два дзясяткі год. Гэтыя словы ён не лянуецца пры нагодзе паўтараць дагэтуль.
І што самае галоўнае — справа не абмяжоўваецца аднымі словамі. Лукашэнка і ягоныя памагатыя паслядоўна працуюць над тым, каб адрозненняў паміж беларусамі і расейцамі было як найменей.
Год ад году расце колькасць беларускіх школьнікаў, якія абіраюць на рэпетыцыйных цэнтралізаваных экзаменах рускую мову. І справа не толькі ў тым, што многія з іх робяць гэта, трымаючы ў галаве планы атрымаць вышэйшую адукацыю ў Расіі.
Праўладныя, а часам і насамрэч шчырыя ў сваёй прарасійскасці гісторыкі пішуць новыя «падручнікі» па гісторыі, у якіх беларусаў малююць галінкай на дрэве «трыадзінага рускага народу».
Нядаўна ў Мінску прэзентавалі супольную працу вучоных Інстытута гісторыі НАН Беларусі і Інстытута этналогіі і антрапалогіі РАН ім. Н. Н. Міклуха-Маклая. Лукашэнкаўская прапаганда нават не спрабуе хаваць галоўную мэту гэтай сумнеўнай з гледзішча навукі калабарацыі: абвяржэнне «бытовавших четверть века назад утверждений около- и псевдонаучной общественности о том, что белорусы и россияне — принципиально разные и совершенно неблизкие народы, не имеющие в принципе общих корней».
Хацелася б сказаць, што гэта адзінкавыя прыклады. Але, на жаль, спіс можна працягваць доўга.
Тут і шчыраванне цэлай сеткі прарасійскіх арганізацый, якія атрымалі пасля падзей 2020-га надзвычай спрыяльныя ўмовы для антыбеларускай дзейнасці. І росквіт псеўдапатрыятычных клубаў, якія апанавалі навучальныя ўстановы, пачынаючы з дашкольных.
Усё гэта — надзвычай сур’ёзны выклік для усіх беларусаў, незалежна ад іх палітычных поглядаў і сімпатый. Расійскае ўварванне ва Украіну – да жаху яскравы прыклад таго, куды вядзе міф пра «один народ».
«Салідарнасць» пачынае цыкл публікацый, мэта якога — патлумачыць і нагадаць, чаму Беларусь — не Расія.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное