Напрыклад, вылецеўшы з той жа Літвы ў Грузію, ён ужо не зможа вярнуцца назад у Літву: яго проста не пасадзяць на самалёт, бо пашпарт нядзейсны. Адпаведна, людзі не змогуць ідэнтыфікавацца з гэтым пашпартам у розных установах: у банках, амбасадах, падаваць дакументы на візы і гэтак далей. То-бок, узнікае цэлы комплекс праблем.
Васілевіч: «Рэжым спрабуе хоць неяк падгадзіць тым, каго вымушаны быў выпусціць»
Тэалагіня, экспертка ў сферы палітыкі, рэлігіі і праваабароны Наталля Васілевіч разважае, чаму ўлады пачалі ануляваць пашпарты былых палітвязняў, і як рэжым Лукашэнкі дыскрэдытуе ўласныя заявы пра «гуманізм».
Улады Беларусі анулююць пашпарты былым палітвязням, якія былі вызваленыя ў выніку перамоў з ЗША і прымусова вывезеныя з краіны. Прычым людзі даведваюцца пра гэта выпадкова, правяраючы дзеючыя пашпарты праз базу на сайце МУС. Пра такія выпадкі распавялі блогер Зміцер Казлоў, Эдуард Пальчыс, некаторыя іншыя былыя вязні.
Экспертка ў галіне палітыкі, рэлігіі і праваабароны, тэалагіня Наталля Васілевіч зазначае, што гэта паслядоўная палітыка беларускіх уладаў, якая распачалася не сёння.
Яшчэ ўвосень 2023 года беларусам за межамі краіны перасталі выдаваць пашпарты ў амбасадах, працягнуць дакумент цяпер можна толькі ў Беларусі.
— Безумоўна, гэта закрыла многім беларусам магчымасць атрымаць базавы ідэнтыфікацыйны дакумент, — канстатуе экспертка ў эфіры Еўрарадыё. — Бо сіні пашпарт, які з’яўляецца ўласнасцю РБ — галоўны дакумент для ўсіх грамадзян, як унутры краіны, так і за мяжой.
Цяперашняе абнуленне — гэта яшчэ горш. Бо калі ў чалавека сканчаецца тэрмін дзеяння пашпарту, ён ці яна могуць звярнуцца ў адпаведныя міграцыйныя органы (ці ўнутраных спраў) у краіне пражывання і атрымаць праязны дакумент. Калі ж пашпарт проста анулюецца, то ён уносіцца ў базу нядзейсных, а чалавек пра гэта нават не ведае, бо тэрмін прыдатнасці яшчэ доўгі, і можа сутыкнуцца з вельмі непрыемнымі і нават небяспечнымі наступствамі.
Чалавека могуць нават затрымаць за карыстанне несапраўдным дакументам.
…Калі простымі словамі — рэжым спрабуе хоць неяк падгадзіць тым, каго вымушаны быў выпусціць. Нагадаць пра сябе, зноў-такі. Проста зрабіць як мага горшым жыццё людзей, якія выступалі апанентамі Аляксандра Лукашэнкі, якія змагаліся за дэмакратыю ў краіне. Дацягнуцца наўпрост ён не можа, таму дзейнічае тымі інструментамі, якія мае — вось, калі ласка, ануляванне пашпартоў.
Ці існуюць нормы міжнароднага права, якія абмяжоўваюць дзяржаву ў такіх метадах, і як наогул можна паўплываць на сітуацыю? На думку Наталлі Васілевіч, сёння адзіны даступны для беларусаў механізм — органы ААН.
— Тут ёсць добрая навіна сярод дрэнных, што ААН працягнула яшчэ на год мандат спецдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі і групы незалежных экспертаў. А яшчэ Анаіс Марэн, калі была спецпрадстаўніцай па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, звяртала ўвагу на праблемы беларусаў з дакументамі, пашпартамі, легальным статусам — і падкрэслівала, наколькі гэта супярэчыць многім міжнародным нормам.
Па логіцы самога грамадзянства, дзяржава павінна абараняць сваіх грамадзян, дзе б яны ні апынуліся. Консульскія сервісы для гэтага і дзейнічаюць. Але нявыдача (і ануляванне) пашпартоў, фактычна, стала рэпрэсіўнай мерай і працягам рэпрэсіўнай палітыкі рэжыма Лукашэнкі.

Краіны, у якіх знаходзяцца беларусы, часцей за ўсё ставяцца з разуменнем да такой сіутацыі, выдаюць праязныя дакументы, каб не абмяжоўваць людзей у мабільнасці, даюць магчымасці легалізавацца і працягваць жыць больш-менш нармальным жыццём. Але ж не ўсе дзяржавы прызнаюць гэтыя праязныя дакументы і пашпарты ўцекачоў — наколькі я памятаю, гэта краіны Персідскай затокі, тыя ж ААЭ, Саудаўская Аравія, таксама В’етнам. На жаль, у нас вельмі шмат правоў адабрана на сённяшні дзень.
Гэта <cітуацыя з пашпартамі> чарговы штрых да агульнага чорнага квадрата Малевіча — фактычна так сёння выглядае сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі.
Мне здаецца, мы заўтра пра гэта ўжо і забудзем, бо з’явіцца нешта новае з рэпрэсіўных практык. І гэта адбываецца сістэматычна. Рэжым спрабуе беларусаў, якія пражываюць за мяжой, паціху драпаць, каб нанесці як мага больш ранак, магчыма, неяк адпомсціць, каб яны запомнілі наступствы нелаяльнасці назаўсёды і ніколі не захацелі гэтага паўтарыць. Але, мне здаецца, дасягаецца адваротны эфект — таму што людзі выразна бачаць, якое насамрэч да іх стаўленне.
Нават тое, што вызваленым палітвязням не даюць пашпарты — робіцца менавіта з той прычыны, каб легалізацыя станавілася вельмі цяжкай. Ад моманту стаяння на мяжы і атрымання права на ўезд да магчымасці паехаць у іншую краіну, пабачыцца са сваімі сваякамі.
Каб пакуты працягваліся як мага даўжэй, не сканчаліся. Вось тое, на што рэжым арыентаваны. І гэта яшчэ раз падкрэслівае ягоны так званы «гуманізм»: ніякіх зменаў няма, не прадбачыцца, і калі б ціску на яго не было — рэжым нават не думаў бы ў бок вызваленняў людзей.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное