Общество

Зыгар: Расейцы навучацца паважаць Беларусь, яе незалежнасьць і мову праз 100 гадоў

Расейскі гісторык і пісьменьнік Міхаіл Зыгар перакананы, што для таго, каб у Расеі зьявілася эліта, здольная паважаць сувэрэнітэт Беларусі, яе мову і гісторыю, можа спатрэбіцца сто гадоў.

Пра гэта ён сказаў у інтэрвію Свабодзе, адказваючы на пытаньне, ці могуць калісьці ў Расеі абраць лідэра, які прызнае, што Масква больш не павінна трымаць пры сабе Беларусь.

Зыгар: Я перакананы, што так будзе. Я б мог вам прапанаваць нават паспрачацца, але да моманту, калі гэта здарыцца, хутчэй за ўсё, нас з вамі ўжо ня будзе ў жывых. Я бы даў ім, напрыклад, 100 гадоў.

Важна, каб вырасла пасьляваеннае пакаленьне, людзі, якія народзяцца пасьля заканчэньня цяперашняй вайны паміж Расеяй і Украінай. І яно, я спадзяюся, будзе больш разумным і здаровым.

Прычыну імпэрскіх поглядаў расейцаў гісторык бачыць у стагодзьдзях вывучэньня прапагандысцкай вэрсіі гісторыі, у якой Расея з пагардай ставіцца да заваяваных народаў.

Зыгар: Гэты традыцыйны імпэрскі гістарычны наратыў заўсёды быў такі. І, на жаль, людзям проста не прыходзіць у галаву, што гэта няправільна, што ўсё, чаму іх вучылі ў школе, — гістарычная прапаганда. Я спадзяюся, што гэта не назаўсёды, мы з вамі бачым, што так бывае з усімі імпэрыямі. І ўсякая імпэрская ці постымпэрская нацыя цяжка пераасэнсоўвае сябе ў гісторыі.

Расставацца з гэтымі ілюзіямі і з гэтай «вялікай» гісторыяй, вялікай у двукосьсі, вельмі цяжка. Мы бачым шмат розных прыкладаў, як самыя розныя краіны цяжка расстаюцца з вось гэтым мітам аб уласнай велічы.

Паводле гісторыка, справу ўскладняе яшчэ і тое, што расейцы амаль нічога ня ведаюць пра Беларусь як асобную краіну. Ён адзначае, што ў сьвядомасьці большасьці расейцаў Беларусь асацыюецца галоўным чынам з Лукашэнкам, а ведаў пра беларускую мову і культуру амаль няма.

Зыгар: Ёсьць нейкія веды пра ўкраінскую культуру. Пра Тараса Шаўчэнку чулі, Верку Сярдзючку. Я баюся, што ведаў пра Беларусь значна менш. Пра Францішка Скарыну мала хто чуў і пра беларускую культуру мала хто чуў.

Нават ня кожны скажа, што «Ляпіс Трубяцкі» — беларускі гурт. Большасьць людзей у Расеі лічаць, што Беларусь на сто адсоткаў расейскамоўная і беларуская мова, калі яна і была, то ўжо выйшла з ужытку.

Гісторык таксама адзначыў, што нават адукаваныя расейцы часта ведаюць значна больш пра Францыю ці Вялікую Брытанію, чым пра суседнюю Беларусь.

На яго думку, такая сытуацыя робіць грамадзтва больш уразьлівым да прапаганды і не стымулюе людзей задаваць пытаньні пра рэальную гісторыю і ідэнтычнасьць Беларусі.

На пытаньне, калі ў Расеі вырашаць далучыць Беларусь, ці падтрымае гэта расейскае грамадзтва, Зыгар адказаў:

«Расейскае грамадзтва разгубленае і хаваецца пад ложкам. Яно ў гэты момант разумее, што няма ніякага сэнсу выказваць уласную думку. Таму, калі, крый божа, нешта такое здарыцца, на экранах у нас будзе ўсеагульнае адабрэньне».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(19)