Акудовіч: «Суб’ектнасць беларусаў за апошнія дзесяцігоддзі вырасла вельмі моцна»

Гісторык Цімафей Акудовіч тлумачыць «Салідарнасці», чаму Беларусь — не Расія. І ці можна суіснаваць з расейцамі без пераўтварэння ў «адзін народ».

Цімафей Акудовіч

— Расійская прапаганда прасоўвае наратыў пра тое, што беларусы і расейцы — «адзін народ», які ў свой час нібыта штучна падзялілі пад уплывам пэўных гістарычных падзей. А ці ёсць хоць нейкія падставы для высноў пра вось гэтае адзінства?

— Мне падаецца, што заўжды такія скарочаныя фармулёўкі гучаць вельмі сумнеўна. І з пазіцыі навукі, і проста з пазіцыі спакойнага падыходу да гэтай праблемы.

Усе народы Міжмор’я ў сваёй аснове маюць спадчыну Старажытнай Русі. То бок, з аднаго боку — чаму і не, ёсць падстава так меркаваць.

З іншага боку, максімалізаваць гэтую базу, што калісьці ў самым пачатку былі нейкія агульныя культурныя коды ўшытыя, і казаць цяпер, што гэта адзін народ, відавочна няма ніякіх падстаў.

Бо на працягу стагоддзяў мы жылі ў розных дзяржавах з вельмі розным культурным фонам. І адпачатку тая ж Старажытная Русь не была нейкай цэласнай дзяржавай. Гэта былі разрозненыя княствы з вельмі рознай культурнай ідэнтычнасцю.

А далей гэта ўвогуле існавала ў розных дзяржавах, у якіх быў вельмі розны культурны ўплыў з усіх бакоў. Таму відавочна мы розныя.

— Што найбольш робіць нас адрознымі? Якія якасці, характарыстыкі?

— Тут можна глыбей капнуць. Родныя брат і сястра таксама розныя, але ці можа гэта быць прычынай няроднасці?

Роднасць — гэта пра самаідэнтычнасць: ці хочам мы быць з кімсьці роднымі, ці не хочам. І гэта нашае сучаснае жаданне, якое не на сто адсоткаў звязанае з тым, падобныя мы паміж сабой ці не.

Што датычыць адрознасці, то найперш гаворка пра розныя гістарычныя шляхі. У нас з расейцамі розныя культурныя ўплывы — у беларусаў больш заходняга. У расейцаў зусім іншае намяшана, ва ўкраінцаў больш паўднёвых уплываў.

Розніца і ў гісторыі дзяржаўнасці. Напэўна, гэта адзін з важнейшых пунктаў. Расія даўным даўно існуе ў фармаце надзвычай цэнтралізаванай дзяржавы, якая ў выніку стала імперыяй. А гэта накладае заўважны адбітак на ідэнтычнасць народаў, якія ў ёй жывуць.

Нашы ж землі ўваходзілі ў склад іншых дзяржаў. З іншай структурай, больш дэмакратычнай. Што не заўсёды плюс, але гэта проста факт.

І таму гэтыя адрозненні найбольш важныя — культурныя ўплывы і гісторыя дзяржаўнасці.

— Вернемся ў нашы дні. На баку Расіі ваююць некалькі тысяч беларусаў. Натуральна, частка з іх трапіла на фронт з расійскіх турмаў, але некаторыя пайшлі па ўласным жаданні. Гэтая вайна робіць нас бліжэй да расейцаў, ці ўсё ж аддаляе?

— Прыклад з колькасцю наймітаў трэба разглядаць глыбей. Людзі, якія пайшлі ваяваць на баку Украіны, відавочна зрабілі гэта з ідэалагічных пазіцый.

Наколькі я разумею, ладная частка тых, хто ішоў ваяваць за Расею, ішлі за грашыма — напраўду, вялікімі грашыма, якія абяцаюць за ўдзел у вайне. І для людзей без ідэалагічных матываў, ці тых, хто пераглядзеў Салаўёва, фінансавая матывацыя будзе найважнейшай. Прынамсі, я так мяркую.

— У адной са сваіх аўтарскіх перадач вы казалі, што нашы продкі ўмелі дамаўляцца з іншымі, хоць цаной тых кампрамісаў часам была і страта часткі ўласных інтарэсаў. Расея ад нас нікуды не дзенецца. Ці ёсць у нас шанец дамовіцца з расейцамі пра мірнае суіснаванне, якое не будзе вымагаць ад беларусаў ператварацца ў той самы «адзін народ»?

— Думаю, што шанцы ёсць. Хоць, напэўна, гэта будзе адно з самых складаных выпрабаванняў. Але суб’ектнасць беларусаў за апошнія дзесяцігоддзі вырасла вельмі моцна. Гэта і ёсць самы важны крытэр.

Таму ў сітуацыі нейкіх перамоваў, дамоўленасцяў, выбудоўвання пэўных межаў, я думаю, у беларусаў будуць свае інтарэсы. А наколькі іх удасца адстаяць, будзе залежыць ад рэсурсаў.

— Мы ўсё часцей чуем гісторыі пра расейцаў, якія паводзяцца ў Беларусі, нібы ў сябе дома. Што можна параіць тым, хто наважыцца ўступіць у такой сітуацыі ў дыскусію? Якія аргументы можна прывесці, каб патлумачыць, што тут не Расея?

— Я б не хацеў даваць парады беларусам, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі. Па-другое, нельга тут нешта патлумачыць нейкімі аргументамі, бо гэта так не працуе.

Нельга нейкімі сваімі довадамі патлумачыць сваю ідэалагічную пазіцыю. Тым больш, калі свая такая сфармаваная пазіцыя ёсць у іншага чалавека. Тым больш, у побытавай, выпадковай сітуацыі. Мы будзем проста адстойваць кожны сваё, так уладкаваныя людзі.

Але калі ўсё ж вельмі хочацца змяніць чужое стаўленне, то трэба проста паказваць людзям іншую Беларусь. Дзеяннямі, а не словамі. Такім чынам пераконваць — паказваць, што ў нас усё іначай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(14)