Але калі беларускія ўлады ішлі на ўсебаковае супрацоўніцтва з Расіяй, яны гэтыя эканамічныя рызыкі ўлічвалі. І я думаю, што Лукашэнка ведае, што цяжкасці, якія ён атрымаў, магчыма, будуць кампенсаваныя Расійскай Федэрацыяй.
Фрыдман: «Амерыканцы сочаць за тым, як Лукашэнка сябе паводзіць. І пакуль іх усё задавальняе»
Наколькі санкцыі супраць Мазырскі НПЗ удараць па рэальнай эканоміцы Беларусі? Якую памылку робяць еўрапейцы і чаму «вялікая здзелка» з ЗША зараз не магчымая?
— Гэта непрыемна, канешне, — адзначае гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман на Еўрарадыё, каментуючы чарговыя еўрапейскія санкцыі. — Любыя эканамічныя санкцыі, асабліва супраць нафтаперапрацоўкі, а гэта вельмі моцная і важная галіна беларускай эканомікі, непрыемныя. У Мінску не знаходзяцца ў захапленні.
Але пытанне ў тым, наколькі гэта сапраўды можа пашкодзіць інтарэсам рэжыму. Пэўныя эканамічныя цяжкасці, я б нават сказаў непрыемнасці, яны напэўна знікнуць.
Таму аналітык раіць не перабольшваць эканамічнае значэнне санкцый. На яго думку, іх галоўная мэта — прадэманстраваць, што з пункту гледжання Еўразвязу нейкі сур'ёзны дыялог з рэжымам Лукашэнкі на дадзены момант не лічыцца мэтазгодным.
Разам з тым ЗША працягваюць здымаць частку санкцый з беларускіх прамысловых кампаній. Так, напрыклад, абмежаванні зняты з кампаній, звязаных з БМЗ. Як зразумець такое разыходжанне у стратэгіі?
— Па-першае, тут у амерыканцаў ёсць уласныя эканамічныя інтарэсы, — адзначае Аляксандр Фрыдман. — Тое, што зараз зроблена, хутчэй тычыцца дамоўленасцяў, якія былі раней. Амерыканцы паказваюць на беларускім напрамку, што іх на дадзены момант цікавіць хутчэй эканамічны накірунак.
Аналітык нагадвае, што адносіны паміж Лукашэнкам і Вашынгтонам пачыналіся ў кантэксце вайны ва Украіне, бо амерыканцы спадзяваліся выкарыстаць беларускага правіцеля як фактар для заканчэння вайны.
— Але, як мы бачым, нічога з гэтага не атрымалася, — адзначае Фрыдман. — Лукашэнка, можа, і хацеў бы, каб вайна скончылася, але ягоны ўплыў вельмі абмежаваны. І ў мяне складваецца ўражанне, што ўкраінская тэма са стасункаў паміж Лукашэнкам і Вашынгтонам вынесена за дужкі. Хутчэй ідзе гаворка пра тое, што можна зрабіць у двухбаковым супрацоўніцтве, што было б цікава Вашынгтону і Мінску.
У сённяшніх умовах, калі стасункі паміж Вашынгтонам і Масквой хутчэй пагаршаюцца, грунтоўнае збліжэнне і нармалізацыя стасункаў паміж Мінскам і Вашынгтонам не выглядае магчымым. Таму супрацоўніцтва можна працягваць толькі па канкрэтных напрамках, якія задавальняюць эканамічныя інтарэсы амерыканцаў і Мінска.
А ў прынцыпе, нейкай пагрозы для амерыканскіх інтарэсаў з боку Мінска на дадзены момант няма. Яны сочаць за тым, як Лукашэнка сябе паводзіць. Яны бачаць, што ён не хоча ўцягвацца ў гэтую вайну. І пакуль ён у яе не ўцягваецца дабраахвотна, амерыканцаў усё задавальняе. Калі ўцягнецца, сітуацыя можа стаць іншай, — лічыць Аляксандр Фрдман.
Між тым палітычны аглядальнік звяртае ўвагу на галоўную памылку ў размовах пра санкцыі супраць Беларусі.
— Ёсць уяўленне, што калі гэтыя санкцыі будуць знятыя, то лукашэнкаўская палітыка грунтоўна зменіцца. А ў мяне такога адчування няма. Нават калі аднабакова санкцыі будуць змяняцца, не факт, што Лукашэнка зможа пайсці на тыя крокі, якія ад яго чакаюць. Хіба што на гандаль палітзняволенымі — гэта яму падабаецца, гэта яго любімая тэма, — адзначае Фрыдман.
Калі б еўрапейцы прапанавалі яму размову па прынцыпе «мы будзем здымаць санкцыі, а ты будзеш вызваляць палітзняволеных», ён бы адразу пагадзіўся. Калі ж гаворка ідзе пра нейкую лібералізацыю ў Беларусі, змену палітыкі, сканчэнне рэпрэсій, то тут ніякага сэнсу размаўляць няма — ён не пайдзе на гэтыя крокі, улічваючы свой вопыт 2020 года.
Аналітык падкрэслівае, што для еўрапейцаў важнымі з’яўляюцца пытанні бяспекі.
— Еўрапейская дыскусія раз-пораз адбываецца: можна адмяніць санкцыі, але запатрабаваць ад Лукашэнкі таго ці іншага ў пытаннях бяспекі — напрыклад, каб не было міграцыйных крызісаў, каб расійская ядзерная зброя ці сістэмы «Арэшнік» былі выведзены. Але ці можа Лукашэнка вырашыць гэтыя пытанні? Нават калі ён скажа, што не супраць вывесці расійскую ядзерную зброю, хто ж яму ў сённяшніх умовах гэта дазволіць?
Санкцыі ўводзяцца за канкрэтныя рашэнні. Ёсць санкцыі за гісторыю з Ryanair у 2021-м годзе, ёсць за ўдзел у расійскай вайне. Еўрапейскі бок падкрэслівае: пакуль гэтыя прычыны не зніклі, санкцыі не будуць адмененыя. І вектар ідзе ў напрамку паглыблення санкцый— адзначае Фрыдман.
Аналітык таксама лічыць, што і з ЗША выйсці на «вялікую здзелку» зараз не выглядае магчымым. І пералічвае прычыны:
— Санкцыі супраць беларускай калійнай індустрыі не адменены. Еўразвяз нават пашырыў свае санкцыі. Сітуацыя ва Украіне не паляпшаецца, а абвастраецца. Стасункі паміж Мінскам і Вашынгтонам — гэта яшчэ і стасункі паміж Вашынгтонам і Масквой, якія зараз не на лепшым узроўні. У такім кантэксце выйсці на вялікую здзелку зараз не выглядае магчымым.
Што тычыцца маленькіх здзелак — Вашынгтон у гэтым асабліва не зацікаўлены. Яны сапраўды жадаюць паставіць кропку ў гэтай гісторыі, але пакуль не атрымліваецца. Таму візіт Коўла і не адбыўся. Гэта не значыць, што ён не адбудзецца — я маю надзею, што адбудзецца. Пытанне толькі ў тым, калі: праз тыдзень, праз два тыдні ці напрыканцы года. Тут прадказаць вельмі цяжка.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное