Гурневіч: «Аляксандар Мілінкевіч не здолеў бы нічога без мяккай сілы. Не трэба ўспрымаць паступовасць як слабасць»

Журналіст Дзмітрый Гурневіч тлумачыць, чаму беларусы — не пра захоп будынкаў і ўзброены супраціў, а пра логіку і халодны разлік.

Аляксандр Мілінкевіч, Зянон Пазьняк і міністр замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг на сустрэчы ў МЗС Чэхіі перад першым форумам Усходняга партнёрства ў Празе. 5 траўня 2009 года

— У памяць пра Аляксандра Мілінкевіча Зянон Пазьняк напісаў, што той быў «прыхільнікам мяккай сілы, паступовасьці і кампрамісу», — піша Дзмітрый Гурневіч. —Адзначыўшы добрыя справы Мілінкевіча, такія як беларускі патрыятызм, спрыянне адукацыі і культуры, ягоны шлях Пазьняк усё ж назваў супярэчлівым.

Адкінуўшы ілюзіі, я лічу, што гэта адзіны магчымы шлях для Беларусі. Беларуская сіла заўсёды была ў дыпламатыі, кемлівасці і мудрасці. І сам Пазьняк тут выдатны прыклад. Дамагчыся незалежнасці 25 жніўня 1991 года стала магчымым не дзякуючы «вешанню камуністаў»,  а кемлівасці Беларускага народнага фронту. Камуністаў не білі ў Авальнай залі, а пераконвалі і прасілі, карысталіся момантам іх страху і разгубленасці.

Ва ўспамінах Пазьняка ёсць эпізод, калі дэпутат БНФ Голубеў абразіў словам дэпутата-камуніста Качана. Пазьняк імгненна адправіў Голубева прасіць прабачэння ў Качана, бо ён ведаў, што без галасоў камуністаў Вярхоўны савет, у якім іх большасць, ніякая Беларусь немагчымая.

читайте также

Аляксандар Мілінкевіч быў ва ўладзе ўсяго 6 год, з 1990 да 1996-га. У яго ёсць шмат заслугаў: і беларускія школы, і помнікі архітэктуры, назвы вуліц, каталіцкая духоўная семінарыя і шмат іншага.

Зрабіць гэта можна было толькі дзякуючы кампрамісам, паступовасці і мяккай сіле. Усё, што было талковага ў Беларусі за апошнія дзесяткі гадоў, рабілася такімі людзьмі ўнутры сістэмы або апантанымі беларусамі, якім такія людзі давалі зялёнае святло.

Яны былі і будуць, нягледзячы на любыя чысткі. І за такіх людзей трэба трымаць кулакі. Бо менавіта дзякуючы ім Беларусь дыхае, хай сабе і дзякуючы штучнай вентыляцыі лёгкіх.

У савецкай Беларусі такіх было вобмаль, а ва Украіне багата. І менавіта яны там спрыялі большай нацыянальнай свядомасці народу. Ці быў гэты шлях супярэчлівым? Вядома. У гэты ж час украінскіх дысідэнтаў высылалі ў лагеры Сібіры.

А ці была альтэрнатыва? Не. Жыццё складаней чым чорна-белая шкала. Калі б у Беларусі было больш нацыянал-камуністаў, Зянону Пазьняку не давялося б у 1980-я рабіць раскопкі Дамініканскага касцёлу і кансерваваць яго рэшткі або бараніць Нямігу ад знішчэння. Яны б стаялі на сваіх месцах.

У Літоўскай ССР так і было, таму замак у Троках аднаўлялі ўжо ў 1960-я, калі Машэраў загадаў нішчыць менскі стары горад.

Беларусы — не пра захоп будынкаў і ўзброены супраціў. Яны пра логіку і халодны разлік. Асцярожным людзям паступовасць заўсёды бліжэй.

Калі прымалася Трэцяя ўстаўная Грамата БНР, людзі спрачаліся да раніцы. Луцкевіч ішоў на кампрамісы, бо ведаў, што без іх нічога не атрымаецца.

Пазьняк у 1991 і наступныя гады ў ВС, таксама быў рэалістам, таму і дамогся многага. Аляксандар Мілінкевіч не здолеў бы нічога без мяккай сілы. Не трэба ўспрымаць паступовасць як слабасць. Выглядае, што гэта адзіны рэальны шанец для Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)