Общество

Колькасць судоў па палітычных крыміналках зменшылася ў разы

За апошнія тры тыдні ў спіс «экстрэмістаў» дадалі 13 чалавек, хоць раней за такі ж перыяд магла набрацца і сотня палітвязняў, заўважыла Наша Ніва.

Міліцэйскі спіс «экстрэмістаў» — адзін з важных індыкатараў узроўню палітычных рэпрэсій у Беларусі. Калі чалавека асуджаюць па адным з «экстрэмісцкіх» артыкулаў, то пасля таго, як прысуд набывае законную сілу, яго імя неўзабаве дадаецца ў спіс. Гэта значыць, што чалавек сутыкнецца з абмежаваннямі — яго банкаўскія рахункі будуць больш пільна кантраляваць, яму самому забароняць працаваць у некаторых сферах.

У заканадаўстве ёсць канкрэтны пералік крымінальных артыкулаў, якія трапляюць пад азначэнне «экстрэмісцкія». Амаль усіх асуджаных па гэтых артыкулах праваабаронцы абвяшчаюць палітвязнямі. Звычайна такі статус не атрымліваюць бадай толькі людзі, асуджаныя за рэабілітацыю нацызму (калі ў іх абвінавачванні няма іншых артыкулаў, палітычных).

Ёсць і адваротнае выключэнне — асуджаныя за здраду дзяржаве, шпіянаж і агентурную дзейнасць звычайна не трапляюць у спіс «экстрэмістаў», але ў залежнасці ад абставін пераследу часцяком атрымліваюць статус палітвязня.

Спіс «экстрэмістаў» абнаўляецца штотыдзень, але інфармацыя трапляе ў яго з пэўным часавым лагам — у залежнасці ад таго, ці пісаў зняволены апеляцыю. Калі чалавеку даюць хатнюю хімію, то ён звычайна не абскарджвае прысуд, таму трапляе ў базу прыкладна праз паўмесяца пасля суда. Калі ж чалавеку прысудзілі калонію (а часам і хімію з накіраваннем), то ён часцей за ўсё падае апеляцыю, каб расцягнуць працэс.

У такім разе ён трапіць у спіс «экстрэмістаў» прыкладна праз два-чатыры месяцы пасля першага суда — толькі калі скончыцца апеляцыя.

Міністэрства ўнутраных спраў пачало весці свой спіс рэпрэсаваных па крымінальных справах у 2022 годзе. Але аналізаваць першыя месяцы няма сэнсу — туды дадавалі раней асуджаных.

З 2023 года колькасць дададзеных «экстрэмістаў» па месяцах выглядала так:

  • студзень 2023 — 107
  • люты 2023 — 117
  • сакавік 2023 — 150
  • красавік 2023 — 117
  • май 2023 — 110
  • чэрвень 2023 — 123
  • ліпень 2023 — 94
  • жнівень 2023 — 134
  • верасень 2023 — 138
  • кастрычнік 2023 — 87
  • лістапад 2023 — 95
  • снежань 2023 — 111
  • студзень 2024 — 85
  • люты 2024 — 80
  • сакавік 2024 — 113
  • красавік 2024 — 79
  • май 2024 — 108
  • чэрвень 2024 — 71
  • ліпень 2024 — 85
  • жнівень 2024 — 114
  • верасень 2024 — 101
  • кастрычнік 2024 — 118
  • лістапад 2024 — 120
  • снежань 2024 — 94
  • студзень 2025 — 92
  • люты 2025 — 90
  • сакавік 2025 — 98
  • красавік 2025 — 140
  • май 2025 — 114
  • чэрвень 2025 — 124
  • ліпень 2025 — 93
  • жнівень 2025 — 117
  • верасень 2025 — 141
  • кастрычнік 2025 — 125
  • лістапад 2025 — 100
  • снежань 2025 — 106
  • студзень 2026 — 77
  • люты 2026 — 127
  • сакавік 2026 — 95
  • красавік 2026 — 130
  • май 2026 — 72
  • чэрвень 2026 — 95
  • ліпень 2026 — 66
  • жнівень 2026, першая палова — 8.

Як вынікае з табліцы, звычайна штомесяц асуджалі прыкладна па 100 новых чалавек — у сярэднім па 20‑25 чалавек на тыдзень у залежнасці ад таго, колькі абнаўленняў паспявала выйсці на працягу месяца.

Быў перыяд, калі найбольшую долю новых «экстрэмістаў» дадавалі за ўдзел у пратэстах, пасля спрэс ішлі асуджаныя па справе Гаюна.

Заўважныя змены адбыліся ў канцы ліпеня 2026 года:

  • 24 ліпеня 2026 — дадалося 12 чалавек,
  • 31 ліпеня — 5 чалавек,
  • 7 жніўня — 4 чалавекі,
  • 14 жніўня — 4 чалавекі.

Дакладнай прычыны, чаму так скарацілася колькась новых «экстрэмістаў», няма.

Гіпотэза пра тое, што кагосьці асуджаюць за палітыку, але не ўключаюць у спіс «экстрэмістаў», каб не псаваць статыстыку, не пацвярджаецца. Усіх вядомых Рэдакцыі палітвязняў, асуджаных за апошні час, адразу ж уключылі ў міліцэйскую базу.

Выглядае, што з заканчэннем асноўнай фазы пераследу па справе Гаюна колькасць судоў па палітычных крымінальных справах сапраўды зменшылася з натуральных прычын — цяпер дасуджваюць рэшту «гаюноўцаў», па-ранейшаму высочваюць і караюць каментатараў, але ў цэлым палітычнае поле зачышчанае.

Разам з тым казаць пра спыненне рэпрэсій не выпадае — за кратамі па-ранейшаму 700‑800 палітвязняў, штодзень прыходзяць сігналы пра затрыманні людзей за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)