Навумчык: «Заходнія лідэры, маючы магчымасьць раздавіць Пуцін як блыху, самі яго ўкармілі»

Палітычны аглядальнік — пра наіўнасьць заходніх лідэраў і кароткую памяць беларусаў.

— У зьвязку з сустрэчай Сьвятланы і Сяргея Ціханоўскіх з Кандалізай Райс у СМІ прыгадваюць і ставяць ёй у заслугу сказаныя на пасадзе дзяржсакратара ЗША словы, што «Лукашэнка — апошні дыктатар Эўропы», — піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Насамрэч, калі ўдумацца, фраза тая — поўнае неразуменьня рэаліяў, якое дзесяцігодзьдзямі выяўляла што кіраўніцтва ЗША (незалежна ад таго, хто быў у Белым доме), што Эўразьвязу (тут — яшчэ горш). Афіцэр КДБ Пуцін успрымаўся імі дэмакратам — як раней такім успрымаўся экс-кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС Ельцын.

Райс хаця б не рабіла тое, што зрабіла яе зьменшчыца Хілары Клінтан, якая працягнула Лаўрову муляж кнопкі «Перазагрузка» — каб, як сфармуляваў бы адзін дыплямаваны гісторык-аграрый, «перагарнуць старонку». І гэта — праз паўгады пасьля таго, як Масква напала на Грузію.

Цудоўна памятаю, як рабілі ідыётаў з Бонэр, Кавалёва і Навадворскай, якія зь першага дня зьнішчальна выказваліся пра Пуціна, як сьмяялася з Пазьняка («Маргінал!»), калі той казаў, што ўладу ў Расеі захапіла ГБ.

І ніхто, між іншым, не гаворыць — «Яны мелі рацыю, а мы — памыляліся». Хаця, магчыма, расейцы і кажуць (ня пільна адсочваю), беларусы ж — дакладна не. (Сьмяяцца з тых, хто кажа праўду, ня верыць ім — а потым абвінавачваць іх, што «ня здолелі да нас данесьці сваю правату» — гэта наша нацыянальная рыса. Падобна, ужо назаўсёды).

Заходнія лідэры, маючы магчымасьць раздавіць Пуцін як блыху, самі яго ўкармілі. Дараваўшы і Чачню, і Грузію, і Крым, і Данбас (як раней даравалі Ельцыну Малдову і тую ж Чачню, як не заўважалі паліўны і фінансавы шантаж Беларусі Гайдарам і Чарнамырдзіным). Спахапіліся, калі ракеты паляцелі на Кіеў і колькасьць ахвяраў пачала вымярацца дзясяткамі тысяч.

Гэтак у 1930-я, аддаўшы Гітлеру Чэхаславаччыну, спахапіліся, калі танкі пайшлі на Брусэль і Парыж, а на Лондан абрынуліся бомбы — ды позна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)