Политика

Неспакойнае лета Лукашэнкі. Як вайна мяняе сытуацыю вакол Беларусі

Вакол Беларусі назіраецца ўзмоцнены рух. Падвышаецца міжнародная вага беларускага пытаньня. На афіцыйны Менск ладзіцца ціск з розных бакоў. І гэта стварае для Лукашэнкі немалы дыскамфорт, піша на Радыё Свабода палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч

Пэрспэктывы пералому ў вайне

Ліст прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага да расейскага кіраўніка Ўладзіміра Пуціна з прапановай сустрэцца, правесьці перамовы і спыніць вайну можна лічыць пэўным рубяжом у доўгім і зацятым расейска-ўкраінскім ваенным супрацьстаяньні. Канфлікт наблізіўся да кульмінацыі.

Цяпер, праз чатыры гады поўнамаштабнай расейскай вайны супраць Украіны пэўныя рэчы сталі больш зразумелыя. Калі расейская стратэгія бліцкрыгу («захапіць Кіеў за тры дні») правалілася, вайна стала пазыцыйнай, у асяродзьдзі экспэртаў пераважала думка, што ў такім канфлікце Расея мае перавагу.

Маўляў, яе мяжа трываласьці вышэйшая. Галоўным чынам таму, што недэмакратычныя дзяржавы падчас ваеннага канфлікту больш устойлівыя.

Аднак цяпер высьвятляецца, што ў пытаньні вайны на зьнясіленьне ўсё складаней. Украіна панесла значныя страты. Грамадзтва моцна стамілася ад вайны. Карупцыйныя скандалы ў пэўнай ступені падрываюць маральны дух украінскай нацыі. Кіраўніцтва дэмакратычнай дзяржавы вымушанае зважаць на грамадзкія настроі.

Аднак Украіну натхняе ня толькі заходняя дапамога, але і перавага ў вайне дронаў.

А вось Расею літаральна апошнімі месяцамі напаткалі моцныя праблемы. Тут і ступар на полі бою, і праблемы з наборам у войска, і вялікі дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту.

Аднак галоўная праблема выявілася ў іншым. Вайна прыйшла ў Расею, закранула вобраз жыцьця людзей, стала фактам сьвядомасьці шараговага абывацеля. Адключэньні інтэрнэту ўлады зьвязваюць з ваеннымі дзеяньнямі, пагрозай з боку ўкраінскіх дронаў, якія лётаюць па ўсёй эўрапейскай частцы РФ.

Высьветлілася, што маштаб Расеі з ваеннага гледзішча мае ня толькі перавагу, але і недахоп. Найперш таму, што вялікую тэрыторыю немагчыма пакрыць супрацьпаветранай абаронай. У выніку атак украінскіх дронаў у шэрагу расейскіх рэгіёнаў зьявіўся дэфіцыт бэнзіну, экспэрты папярэджваюць аб блізкім паліўным крызісе.

Што ведае ўкраінская выведка?

Зьмены ў расейска-ўкраінскай вайне ствараюць новую сытуацыю для Беларусі. З падачы Ўкраіны актуалізавалася праблема ўдзелу беларускай дзяржавы ў вайне. У сваім лісьце да Пуціна Зяленскі піша: «Вы хочаце ўцягнуць яшчэ больш у вайну Беларусь, і зараз мы змушаныя рыхтавацца яшчэ і да гэтага».

У публічнай прасторы няма ніякай канкрэтыкі адносна таго, што зь Беларусі рыхтуюцца рэальныя ваенныя дзеяньні супраць Украіны ці заходніх суседзяў. Аднак, калі пытаньне пра пагрозу нападу зь беларускай тэрыторыі ўздымаецца ў афіцыйным дакумэнце, які набыў міжнародны рэзананс (ліст Зяленскага), то, верагодна, украінская выведка мае трывожную інфармацыю.

Калі Пуцін насамрэч падштурхоўвае Беларусь да паўнавартаснага ўдзелу ў вайне, то гэта хутчэй сьведчыць пра жэст адчаю зь ягонага боку.

Можна меркаваць, што падчас перамоваў зь лідэрамі эўрапейскіх краін Зяленскі ня быў галаслоўны, а даводзіў канкрэтную інфармацыю з заклікам паўплываць на Аляксандра Лукашэнку. Інакш наўрад ці прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон патэлефанаваў бы ў Менск.

Рост вагі беларускага пытаньня

У любым выпадку мы можам канстатаваць, што вакол Беларусі назіраецца ўзмоцнены рух. Падвышаецца міжнародная вага беларускага пытаньня. На афіцыйны Менск ладзіцца ціск з розных бакоў.

Пуцін можа патрабаваць уступіць у вайну ці проста пужаць Украіну вайсковымі пагрозамі. З свайго боку, Кіеў ладзіць дыпляматычную і інфармацыйную атаку на кіраўніцтва Беларусі. Актывізаваліся кантакты паміж Менскам і эўрапейскімі сталіцамі. Вось кіраўнік францускай выведкі Нікаля Лернэра наведаў Беларусь.

Асобная тэма — беларуска-амэрыканскія перамовы. Анансаваны чарговы візыт у Менск спэцпраўстаўніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла пакуль не адбыўся. 28 красавіка ён заявіў, што плянуе прыехаць у Беларусь бліжэйшымі 2-3 тыднямі. 3 траўня, рэагуючы на твіт Сьвятланы Ціханоўскай на плятформе X пра 800 палітвязьняў у Беларусі, Коўл напісаў: «Мы яшчэ не скончылі. Не страчвайце надзеі!»

Можна зрабіць выснову, што ў перамоўным працэсе зьявіліся нейкія праблемы, бакі ня могуць дамовіцца пра ўгоду.

А што ж Лукашэнка? Ціск з усіх бакоў стварае яму немалы дыскамфорт. Асабліва цяжка вытрымліваць прымус з боку Масквы. Але ўцягвацца ў вайну, якая ідзе яўна не на карысьць Расеі, было б палітычным самазабойствам для дзейнага рэжыму Беларусі.

Уразьлівасьць Беларусі і стрыманасьць Лукашэнкі

Даволі непрыемная для Менска сытуацыя складваецца на ўкраінскім кірунку. Заявы Кіева ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі становяцца ўсё больш жорсткімі. Справа даходзіць да наўпроставых зьнявагаў і пагрозаў на адрас самога ўладара Беларусі. Зяленскі, казаў пра «магчымасьць прэвэнтыўна працаваць… у дачыненьні да фактычнага кіраўніцтва Беларусі».

І тут дзівіць рэакцыя Лукашэнкі. Усё палітычнае жыцьцё ён увасабляў вобраз «крутога хлопца», моцнага палітыка, які ўвесь час дэманструе сілу. Шмат разоў ён пагражаў суседзям і ядзернай зброяй, і ракетнымі комплексамі «Арэшнік».

А тут раптам доўга маўчаў, нягледзячы на закіды і пагрозы з Украіны цягам месяцаў. І толькі ў Астане 29 траўня ён сарваўся, не ўтрымаўся ад зьнявагі на адрас Зяленскага.

Але асьцярожнасьць і стрыманасьць Лукашэнкі цалкам зразумелая. Гэта паказьнік уразьлівасьці Беларусі і цяперашняга рэжыму. Лукашэнка рэальна баіцца Ўкраіны. Ён бачыць, што робяць украінскія дроны з нафтаперапрацоўкай і аб’ектамі ВПК на тэрыторыі Расеі. Пакуль яны не пачалі паляваць за бэнзавозамі і чыгуначнымі цыстэрнамі, на якіх у Расею перавозяць беларускае паліва ў якасьці «братэрскай» дапамогі.

Прычым Лукашэнка разумее, што ў выпадку чаго Расея наўрад ці прыйдзе на дапамогу. Бо сама ня ведае, як адбіцца ад украінскіх дронаў. І Беларусь можа застацца сам-насам з украінскім войскам, якое сёньня ўяўляе вялікую сілу. Таму і даводзіцца хаваць свой гонар.

Калійныя інтрыгі

А яшчэ адбываецца рух вакол беларускага калію. Зьявіліся невялікія, няхай і аддаленыя пэрспэктывы вывесьці гэты галоўны беларускі экспартны тавар з-пад санкцый. Таму ўлады Беларусі замітусіліся, спрабуюць сутыкнуць інтарэсы розных замежных гульцоў на гэтым полі.

Як вядома, Лукашэнка прапанаваў амэрыканцам купіць калійнае радовішча «Нежын». Тыя нібыта думаюць, магчыма, выстаўляюць умовы.

І вось Аляксандр Лукашэнка 3 чэрвеня прымае расейскага бізнэсоўца Дзьмітрыя Мазепіна, які зьяўляецца акцыянэрам расейскай кампаніі «Уралкалій». У афіцыйным паведамленьні нічога не гаворыцца, якую тэму абмяркоўвалі.

Можна выказаць гіпотэзу, што гэта ёсьць сыгнал амэрыканцам. Маўляў, пакуль вы доўга думаеце, то зьявіліся іншыя пакупнікі, канкурэнты, прэтэндэнты на той самы калійны актыў. Так што варта прысьпешыць анансаваную «вялікую ўгоду».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)