Филин

Наталля Север

Павел Радзь: «Лукашэнка вырашыў падаслаць сабе саломкі, каб яму было менш балюча падаць»

Аналітык Праграмы расійскіх і беларускіх студый Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма» Павел Радзь у каментары Филину — пра змену рыторыкі кіраўніка Беларусі.

Напярэдадні ўсе ў чарговы раз назіралі сеанс раптоўнай трансфармацыі Лукашэнкі з грознага ўладальніка «Арэшніка» ў міралюбнага і асцярожнага суседа.

Падчас інтэрв’ю Al Arabiya ён прызнаў, што сапраўды баіцца пагроз, агучаных Украінай, зноў заявіў, што ў Мінска няма планаў нападу і нават папрасіў прабачэння ў Зяленскага.

Што стала прычынай такой заўважнай змены рыторыкі, Филин спытаў у аналітыка Праграмы расійскіх і беларускіх студый Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма» Паўла Радзя.

— Лукашэнка — гэта такая палітычная жывёла, якая досыць тонка адчувае, калі мяняецца знешнепалітычная сітуацыя і калі патрэбна крыху скарэктаваць танальнасць сваіх заяў і ў прынцыпе ўсю рыторыку, — кажа Павел Радзь. — Улічваючы тое, што ўкраінскі бок перадаў вельмі выразныя папярэджанні ў якасці адказу наконт мажлівых пагроз з боку Беларусі, улічваючы тыя заявы, якія Украіна рабіла на публічным узроўні, думаю, Лукашэнка ўсе добра пачуў і прыняў да ўвагі.

З іншага боку, Лукашэнка бачыць, што на фронце пачала змяняцца сітуацыя, Украіна зараз перахапіла ініцыятыву ў расіян, адбываюцца ўдары ўглыб расійскай тэрыторыі, праз якія нясе вялікія страты іх нафтавы сектар.

Таксама Украіна актыўна выконвае ўдары на сваіх акупаваных тэрыторыях. Атрымліваецца, што частка тэрыторый нашай краіны, якая знаходзіцца пад кантролем РФ, зараз фактычна апынулася пад кантролем узброеных сіл Украіны.

Там адбываюцца вялікія праблемы з лагістыкай, у прыватнасці ў Крыме. Масты з Крыма на мацерыковую частку па сутнасці знішчаны, шляхі перарэзаны. Гэта стварае пагрозу для расійскіх войскаў, якія знаходзяцца на паўднёвай Украіне.

Зразумела, Лукашэнка ўсё гэта добра бачыць і разумее. Таму сваімі выказваннямі ён, з аднаго боку, дасылае сігнал Украіне пра тое, што нібыта не варта чакаць ніякіх пагроз з яго боку, і што ў Мінску прынялі да ўвагі засцярогі ўкраінскага боку.

Па-другое, гэта таксама пэўны сігнал да амерыканскай адміністрацыі, якая зараз зноў пачынае больш увагі надаваць пытанню расійска-ўкраінскай вайны. Дарэчы наўпрост сёння, 16 чэрвеня, адбылася сустрэча Трампа і Зяленскага.

Думаю, што прагучаць заявы з боку Вашынгтона пра тое, каб Расія сядала за стол перамоваў і была гатова дамаўляцца з Украінай.

Таксама заявы Лукашэнкі — гэта і мажлівы пэўны сігнал Кітаю, дэманстрацыя сваёй канструкцыйнай ролі ў рэгіёне. Гарантыі таго, што Беларусь ніколі не будзе праблемай для рэгіянальнай бяспекі, таму што для Кітая гэта вельмі важнае пытанне.

Яны не хацелі б, каб Беларусь брала актыўны ўдзел у баявых дзеяннях ці была б выкарыстана як плацдарм для агрэсіі супраць краін НАТА, ці стала б інструментам шантажу ў руках РФ.

І вось Лукашэнка, адчуваючы тое, што сітуацыя змяняецца, вырашыў дзейнічаць на апярэджанне і падаслаць сабе саломкі, каб яму было крыху лягчэй і менш балюча падаць.

— У тым жа інтэрв’ю Лукашэнка сказаў, што нібыта вядзе перамовы з прадстаўнікамі буйных еўрапейскіх краін. Калі такія перамовы сапраўды вядуцца, то, як вы лічыце, па якіх пытаннях?

— Мяркую, што афіцыйны Мінск сапраўды можа весці нейкія перамовы з заходнімі краінамі. Не сакрэт, што ў беларускіх уладаў ёсць кантакты з прадстаўнікамі еўрапейскіх дзяржаваў.

Дакладна існуюць кантакты з Польшчай і Літвой. Напрыклад, бакі абмяркоўвалі зварот літоўскіх затрыманых фур. З Польшчай такая ж сітуацыя, да таго ж, наколькі разумею, адбываюцца кансультацыі паміж спецслужбамі.

Была інфармацыя, што давераная асоба Макрона прыедзе ў Мінск, дарэчы і сам Макрон тэлефанаваў Лукашэнку.

Думаю, Мінск вельмі актыўна займаецца лабіраваннем некаторых пытанняў, напрыклад, на палях міжнародных арганізацый або праз Ватыкан, як то традыцыйна адбывалася падчас мінулых раўндаў пацяплення адносін з еўрапейскімі дзяржавамі.

Не выключаю таго, што Лукашэнка таксама праз сваіх людзей намагаецца данесці тое, што Беларусь патрэбна неяк уключаць у мірны працэс і даць ёй якія-небудзь гарантыі бяспекі.

Здаецца, ён хацеў бы ўклініцца ў гэтыя танцы вакол прыпынення расійска-ўкраінскай вайны, вытаргаваць для сябе якія-небудзь прымальныя пазіцыі, хаця б часткова выйсці з ізаляцыі і забяспечыць сябе ад мажлівых негатыўных наступстваў, якія могуць узнікнуць пасля заканчэння расійска-ўкраінскай вайны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)