Святлана Ціханоўская: «Проста робіш тое, што лічыш патрэбным. Не ныеш. А часам і ныеш, але ўсё адно ўстаеш і робіш»

Са Святланай Ціханоўскай часта размаўляюць пра палітычныя падзеі. «Салідарнасць» не стала выключэннем, але мы паспрабавалі паказаць шлях даўжынёй у шэсць гадоў праз прызму асабістых адчуванняў жанчыны, якая ў 2020-м даволі нечакана для сябе апынулася ў віры падзей. Гэта інтэрв'ю – пра надзеі і расчараванні, настойлівасць і гонар, трансфармацыю і нязменнасць.

Фота: Reuters

Наша папярэдняя размова спынілася на падзеях 9 жніўня: адчуванне блізкай перамогі, агульны ўздым...

А менш чым праз суткі вас, па сутнасці, выціскаюць з роднай краіны.

– Фармальна ж мяне не закавалі ў кайданкі, не вывезлі і не выкінулі. Спецслужбы паставілі ультыматум падчас размовы ў Цэнтрвыбаркаме: або вы з'язджаеце, або адсюль не выйдзеце.

Такі выбар – не дай Бог нікому. У той момант у ЦВК мая ўнутраная мама перамагла рэвалюцыянерку. Я падумала пра дачку і сына: муж у турме, дзяцей адбяруць, хто будзе іх выхоўваць?..

Апынуўшыся ў Літве, я дні тры была ў поўным здранцвенні. Мы глядзелі, як людзей хапаюць і збіваюць. Вядома, усё гэта было страшна.

Падбадзёрыла тое, што беларусы не асудзілі мяне за ад'езд. Не памятаю, каб нехта казаў: «Вось, яна з'ехала, здрадзіла». Наадварот, падтрымлівалі: «Так, малайчына. З'ехала – то бок цяпер у бяспецы, давай нешта рабіць». І гэта выцягнула мяне з эмацыйнай ямы.

Памятаю сваю першую сустрэчу на высокім узроўні. У Літву прыехаў Эмануэль Макрон. У нас было паўгадзіны, з якіх 20 хвілін я выдаткавала на тлумачэнне таго, што адбываецца ў Беларусі. А гэтага не трэба было рабіць – прэзідэнта Францыі відавочна праінфармавалі. Трэба было абмяркоўваць, як дапамагчы.

Разуменне таго, як дзейнічаць, прыходзіла паступова, з досведам. Ты вельмі хутка, літаральна за пару хвілін, брыфуеш і пераходзіш да канкрэтных запытаў. А тады: «Божа мой, прэзідэнт!»

Вы апынуліся ў сітуацыі, калі трэба збіраць ровар і адначасова ехаць на ім. Разгубленасць прайшла, і ківач настрою пайшоў у іншы бок: яшчэ крыху і даціснем, перамога ўжо блізкая...

– Так, так, так. Калі Лукашэнка бегаў з аўтаматам, гэта выглядала як жэст адчаю. Мы вельмі доўга жылі на чамаданах, нават не распакоўвалі рэчы, бо здавалася: вось-вось паедзем дадому.

Але нам не хапіла расколу эліт. І, вядома, тое, што Пуцін падтрымаў Лукашэнку, таксама адыграла сваю ролю.

Мне Сяргей Навумчык распавядаў пра размову з вамі ў красавіку 2021-га. Вы спыталі, колькі, на яго думку, гэта яшчэ можа працягвацца. Сяргей разумеў, што вельмі доўга, але не хацеў вас засмучаць, таму сфармуляваў адказ так: «Прынамсі, два гады». І па вашай рэакцыі зразумеў, што два гады тады ўспрымаліся як вечнасць.

– Так, у той атмасферы нават думкі не дапускалася, што гэта можа зацягнуцца. Ніхто з нас не марыў пра тое, каб выехаць у Еўрасаюз і пасяліцца там. Мы верылі ў тое, у што хацелася верыць.

А калі стала ясна, што гэта не на месяц-два, тады пачалі думаць пра стварэнне структуры. Мы інстытуцыяналізавалі нашы дэмакратычныя сілы. Хоць скептыкаў хапала, асабліва з боку НДА-сектара, дзе на нас глядзелі скоса: «Вас хутка не будзе. Ну, год-два вы пратрымаецеся як дэмсілы».

І ўсё ж крок за крокам мы выбудоўвалі і ўмацоўвалі давер да сябе. Прасоўвалі Беларусь усюды, дзе толькі маглі, працавалі 24 на 7. Шмат што, калі шчыра, атрымалася дзякуючы сяброўскім адносінам з высокапастаўленымі палітыкамі, якіх кранулі падзеі ў нашай краіне. Калі б не гэтае цёплае стаўленне, пра Беларусь маглі б ужо і забыцца, асабліва ў дзяржавах, што знаходзяцца далёка ад нашай.

Але калі ты сустракаешся, напрыклад, з прэм'ер-міністрам Італіі, іншыя краіны робяць выснову: «М-м, гэта Ўзровень. Дык мы таксама можам прыняць Ціханоўскую, дапамагчы беларусам, трэба нешта рабіць».

Сувязі з дзяржавамі нам удалося захаваць. Палітыкі змяняюцца, але перадаюць сваім пераемнікам у спадчыну незавершаныя гештальты, звязаныя з Беларуссю. І мы актыўна наладжваем кантакты з новымі ўрадамі. Тыя, хто быў пры ўладзе ў 2020-м, пранікліся болем за Беларусь. Новыя палітыкі ўжо не перажывалі тыя падзеі разам з намі. Але мы робім усё, каб і ў іх таксама балела душа за Беларусь.

Я сапраўды ганаруся тым, што мы, беларусы, здолелі зрабіць. Тым, што нашы медыя выстаялі ў найцяжэйшых умовах. Нашымі ініцыятывамі, валанцёрамі, палітвязнямі – былымі і цяперашнімі. Тым, што ўсе разам заклалі падмурак.

Тыя, хто даваў вам год-два, кіраваліся пэўнай логікай. Хуана Гуайдо афіцыйна прызналі часовым прэзідэнтам Венесуэлы на ўзроўні Еўрасаюза. А ўжо праз год-паўтара ён практычна знік з палітычнай сцэны як сур'ёзная фігура.

Тое, што праз шэсць гадоў пасля пратэстаў Беларусь усё яшчэ застаецца ў міжнародным парадку дня, – гэта сапраўды вельмі крутая рэч. Эфект 2020 года ўжо даўно павінен быў вычарпацца...

– Эфекту 2020 года ўжо і няма. Увесь свет ужо жыве ў іншай рэальнасці. Беларусь застаецца ў фокусе дзякуючы дэмакратычным сілам. І я цяпер кажу не толькі пра палітычныя структуры, але і пра дыяспары, грамадскія і праваабарончыя арганізацыі, усіх беларусаў, якія ўносяць свой унёсак у нашу агульную справу.

Дарэчы, вось цікавы момант, звязаны з Гуайдо. Вельмі многія пасля жніўня 2020-га пераконвалі мяне: трэба правесці інаўгурацыю, абвясціць сябе прэзідэнтам. Ну, па-першае, я была чалавекам неамбіцыйным, і для мяне заявіць: «Я – прэзідэнт»... Неяк гэта было мне незразумела.

Мне столькі людзей казалі: «Інакш цябе ніколі не прызнаюць». А я адказвала: «Паслухайце, мне ўсё адно, як мяне называюць. Мне трэба, каб людзі зразумелі сітуацыю ў Беларусі: скрадзеныя выбары, людзі супраць».

І вось той выпадак з Гуайдо быў аргументам на маю карысць: неістотна, як цябе называюць, – калі будзеш сябе ў цэнтр ставіць, пра цябе ўсё адно забудуцца, і забудуцца, як цябе называлі.

Я выдаткавала сваю энергію не на тое, каб даказваць: «Я тут прэзідэнт», а на тое, каб як мага шырэй распавядаць пра Беларусь. Проста паслухала сябе.

Калі стала ясна, што хуткай перамогі не будзе, у вас быў эмацыйны правал ці вы на іншым узроўні ўспрынялі гэты выклік – што наперадзе доўгі шлях?

– Усе гэтыя гады я была нібы сціснутая спружына. Нават дзецям надавала мінімум увагі. Працаваць, працаваць, працаваць, бо боль за іншых людзей сціснула гэтую спружыну.

Мяне крыху адпусціла нават не пасля вызвалення мужа. Калі Сяргей выйшаў, ён крыўдзіўся: «Ты так мала пра мяне казала». А я насамрэч заўсёды старалася абыходзіць тэму Ціханоўскага, каб раптам не падумалі, што яна толькі за мужа.

Толькі ўзімку, калі ўжо вызвалілі першыя групы палітвязняў, – вось тады я здолела выдыхнуць і хоць часткова адпусціць гэты боль.

А ўвогуле лягчэй мне не рабілася ніколі. Вось вы кажаце: «Калі стала зразумела, што гэта доўгі шлях...» А наколькі доўгі? Ты ж не ведаеш: гэта год, ці дзесяць, пятнаццаць… Проста працуеш да знясілення.

А памятаеце свае адчуванні 24 лютага 2022 года?

– Я не магла паверыць, што гэта адбываецца насамрэч. Нават нягледзячы на тое, што за пару дзён да гэтага для нас арганізавалі тэлемост з высокапастаўленымі амерыканскімі вайскоўцамі.

Яны дакладна сказалі: будзе ўварванне. А мы такія, ведаеце, эксперты: «Ды не, ну мы ж тут жывём, не можа быць...»

Вайна, ды яшчэ што пачалася а чацвёртай раніцы, была па-за межамі нашага разумення. Але шок хутка саступіў месца неабходнасці дзейнічаць. Беларусь успрынялі як краіну-саўдзельніцу агрэсіі, а нам трэба было растлумачыць, што ўварванню спрыяў менавіта рэжым Лукашэнкі, але не наша грамадства. Яшчэ раз выразна правесці гэтую мяжу.

У той час я некалькі месяцаў жыў у Львове і магу сказаць, што там таксама ніхто не верыў. Я размаўляў з самымі рознымі людзьмі – ад экспертаў да цырульніцы, у якой стрыгся. Усе былі перакананыя: магчыма, нешта здарыцца на Данбасе, але паўнамаштабнага ўварвання не будзе. «Ды ну, у 2014-м яны на гэта не пайшлі, калі ў нас, лічы, войска не было, а цяпер зусім іншы расклад...»

Якое ўражанне зрабіў на вас Зяленскі падчас асабістых сустрэч?

– Ён надзвычай стомлены. З паспяховага шоўмена ператварыўся ў яркага, але поўнага болю палітыка.

Пры гэтым Зяленскі вельмі добра арыентуецца ў сітуацыі, у тым ліку і ў нашых пытаннях. Хутка прымае рашэнні, разумее інтарэсы беларусаў.

Украіна становіцца лідарам у нашым рэгіёне. І можа, скажам так, папярэдзіць Лукашэнку, што яго дзеянні будуць мець наступствы.

Украінцам зусім не хочацца бамбіць Беларусь. Яны сканцэнтраваныя на ўласным выжыванні, на абароне сваёй краіны. І калі спатрэбіцца, спыняць працэсы ў Беларусі, якія пагражаюць іх бяспецы.

Нас, беларусаў і ўкраінцаў, вядома, пастаянна параўноўваюць, у тым ліку і метады барацьбы. Але ў любыя кабінеты я заходжу з пачуццём гонару за наш народ, які нават пад пастаяннымі рэпрэсіямі не здаўся. Хоць не ўсе разумеюць, якой самаадданасці гэта патрабуе.

Так, узровень уключанасці цяпер ужо не той, што быў у 2020-м. Але я веру, што калі з'явіцца новы шанец, і мы самі будзем да гэтага лепш падрыхтаваныя, і замежныя партнёры ўжо не будуць, як у 2020-м, мітусіцца: «А што там адбываецца ў Беларусі? Трэба падключацца ці не?..»

Тое, што мы зрабілі да вайны, дазволіла нам абараніць рэпутацыю беларусаў як нацыі пасля расійскага ўварвання ва Украіну. І цяпер нам давяраюць – у адрозненне ад Лукашэнкі, які круціцца як вуж на патэльні.

А што дапамагае вам трымацца, праходзіць праз гэты перыяд надзей і расчараванняў, які расцягнуўся на гады?

– Мяне так выхавалі: калі нешта трэба зрабіць, дык зрабі гэта, нягледзячы ні на што. Без спасылак на стому, дрэнны настрой ці яшчэ штосьці.

Нешта зрабіць для сябе мне лянота. Але калі гэта трэба беларусам, я выкладваюся цалкам. Ведаю, што фізічна і маральна вытрымаю. Псіхолагі не патрэбныя – сама дам рады.

Мне не прызвычайвацца да выпрабаванняў, якія патрабуюць шматгадовай мэтанакіраванай працы. Я гадамі займалася рэабілітацыяй сына і не трапіла ў дэпрэсію, не залівалася слязьмі, хоць было вельмі цяжка.

Цяпер аналагічная сітуацыя, толькі ў глабальным маштабе. Ты проста робіш тое, што трэба. Не ныеш. А часам і ныеш, але ўсё адно ўстаеш і робіш.

Калі мне хранова, я думаю пра палітвязняў, якія ў найцяжэйшых умовах паводзяць сябе надзвычай годна. Гэтыя людзі вераць у нас. І мы не можам іх падвесці.

І, вядома, крыніцай натхнення для мяне з'яўляюцца беларусы – як нацыя, як грамадства. У сённяшніх умовах кожны робіць тое, што можа: нехта ў кампаніі спявае песні на роднай мове, нехта перадае інфармацыю «Белполу», нехта пры слове Беларусь уяўляе сабе бел-чырвона-белы сцяг, а не цяперашні.

І ўсе мы ідзём да адной мэты. Павольней, чым хацелася б. Але абавязкова дойдзем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(22)