Дзіўна назіраць, як могуць людзі не бачыць сувязі паміж мінулым фашызмам і сучасным. Дзіўна назіраць, як не адчуваюць людзі ў прынцыпе сувязі паміж усімі войнамі. Чалавек забівае чалавека. Расія нападае, Украіна абараняецца.
Златкоўская: «Не можа краіна святкаваць перамогу ў вайне, пакуль у калоніях і турмах сядзяць людзі па палітычных справах»
Пісьменніца Ганна Златкоўская разважае на Budzma.org пра святкаванне 9 мая і культ Вялікай айчыннай вайны ў Беларусі.
Вайна ідзе побач з намі
Тое, што кожны год святкуецца ў Беларусі, — не больш чым чарговая прапаганда страху і вайны. «Абы не было вайны», — так заўсёды гаварылі нашыя бабулі ды дзяды. Але вайна ідзе побач з намі, у ёй удзельнічае і наша краіна — так вырашыў адзін вусаты чалавек. Гэты чалавек будзе 9 мая гаварыць пра сіняе чыстае неба і жоўтае сонца над галавой, хваліцца танкамі і самалётамі, выклікаць слёзы на вачах у грамадзян, расказваючы пра подзвіг дзядоў.
Адно і тое ж кожны год: ваенныя парады, салюты, пафасныя рэчы. Адным словам — крывадушнасць.
Гэты чалавек робіць з перамогі Айчыннай вайны культ, быццам гэта ягоная асабістая заслуга.
Абавязкова патрыятычныя рэчы і абвінавачванні ў фашызме. Тым часам ягоны расійскі сябра забівае ўкраінскіх дзяцей, іх бацькоў і родных. Але для іх гэта іншае. Логікі тут няма, акрамя крыважэрнасці.
Дзіўна назіраць, як могуць людзі не бачыць сувязі паміж мінулым фашызмам і сучасным. Дзіўна назіраць, як не адчуваюць людзі ў прынцыпе сувязі паміж усімі войнамі. Чалавек забівае чалавека. Расія нападае, Украіна абараняецца.
Вусаты дапамагае ваяваць, але лічыць сябе ўсё роўна героем. Велічэзныя грошы трацяцца на святкаванне, бо так важна паказаць уласную моц. Там жа Еўропа побач, якая толькі і марыць, каб напасць на краіну буслоў і згушчонкі. НАТА на мяжы бразгае зброяй, шуміць чарот, гнуцца дрэвы.
У ягоных фантазіях на вуліцах «загніваючага Захаду» праводзяць парады СС і неафашызму. Вы не паверыце, аднойчы нашыя сябры даказвалі нам (мы гаварылі анлайн, бо яны ў Беларусі, а мы ў Літве), што гэта насамрэч праўда. Нашыя словы пра тое, што мы такога ніколі не бачылі, да іх не даходзілі. Было страшна слухаць, як старыя знаёмыя і цалкам сабе нармальныя людзі рэальна вераць у тое, што фашысты жывуць у Еўропе. А беларускі рэжым — маладзец! Тут усе добра, чыстае паветра, белыя воблакі. Ракет, выпушчаных у бок Украіны, не бачым. Ды і ўвогуле, самі вінаватыя. На жаль, гэтую фразу мы пачулі ад некалькіх (ужо былых) сяброў не аднойчы.
Няма свята 9 мая. Даўно няма
Таму што не можа святкаваць краіна перамогу ў мінулай вайне, калі побач ідзе такая ж. Не можа краіна святкаваць перамогу ў вайне, калі саманазваны прэзідэнт забівае сваіх грамадзян толькі таму, што яны не згодныя з ягоным кіраваннем.
Не можа краіна святкаваць перамогу ў вайне, пакуль у калоніях і турмах сядзяць людзі па палітычных справах. Пакуль дзеці чакаюць сваіх бацькоў.
І не факт, што дачакаюцца, бо адпусціць некалькіх палітзняволеных азначае выслаць з краіны без пашпарта. А гэта значыць немагчымасць быць з дзеткамі зноў разам.
Хто жыве шчасліва ў Беларусі
Пенсіянеры амаль выжываюць. Недахоп лекараў і бясконцыя чэргі ў паліклініках. Школа стала месцам трывожнасці і даносаў.
Шчасліва жыць у Беларусі можна толькі, калі ты альбо не бачыш таго, што адбываецца, альбо лічыш правільным тое, што адбываецца.
У іншым выпадку будзе як у маёй знаёмай, якая гаворыць мне ў рэдкія нашыя сазвоны, што ёй няма чым дыхаць. Яна не адчувае больш радасці, не можа знайсці нічога, што прыносіць задавальненне, бо сістэма губляе ўсё чалавечае.
І хоць я не лічу, што беларусы павінны бясконца пакутаваць, я разумею, пра што яна гаворыць. Ёй проста вельмі баліць. Баліць за людзей, якія сядзяць. Баліць за тых, каго забілі (Раман, Вітольд, Аляксандр і іншыя).
Баліць увогуле за краіну, якая магла б развівацца, як развіваюцца краіны Захаду. Памятаю, як яна шмат гадоў таму распавядала мне, як натхнялася падарожжамі па Вене, Вільні і вельмі сумавала, вяртаючыся дадому. Я не вельмі разумела, чаму? А зараз разумею.
Свабода — яна адчуваецца ва ўсім. Гэта часта вельмі складана патлумачыць. Мабыць, у тым, што дзеці ў школах могуць адкрыта выказваць свае думкі. Яшчэ ў тым, што горад жыве разнастайным жыццём, а кожныя выходныя — абавязкова нейкія актыўнасці. Грае розная музыка, і калі цёпла, гараджане валяюцца на траве, і вакол ніводнага міліцыянера.
Мабыць, яшчэ таму, што тут няма культу вайны. Калісьці гэта было свята тых, хто ваяваў. Як, напрыклад, мая бабуля і мой дзядуля. Але іх больш няма.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное