Знак: Пошук ворагаў і стварэнне злачынства, калі яго няма, — гэта вельмі небяспечны працэс нават для тых, хто гэта робіць

Былы палітзняволены, адвакат Максім Знак — пра справядлівасць у будучыні і лёс тых, хто махлюе правам.

Максім Знак. Скрыншот з канала ТОК

У інтэрв’ю Настассі Роўдзе на канале ТОК ён распавёў, як яго да слёз расчуліла тое, як ягоная жонка — адвакатка Надзея абараняла яго на судзе.

Паводле Максіма Знака, ён разумеў, як яна асабіста ўспрымае судовы працэс, бо гэта тычылася яе непасрэдна, а таксама, як яна ўспрымае яго як грамадзянка: «бо ўсё, што творыцца, немагчыма да гэтага ставіцца неяк абыякава».

— І адначасова я бачыў, як яна як прафесіянал робіць усё магчымае, каб скарыстацца кожным шансам на абарону. І шчыра кажу, што я вельмі рэдка калі ў жыцці расплакаўся, — распавёў Максім Знак. — А вось калі яна сказала ў маю абарону сваю прамову, я расчуліўся. Не таму, што мне сябе было шкада, а таму што я ганарыўся там, як яна гэта зрабіла.

І мне было да болю прыемна і адначасова балюча ўсё гэта чуць, бо я разумеў: тое, што яна кажа, датычыцца таксама яе асабіста.

І яна бароніць мяне і сябе, і сына нашага, і нашу сям'ю, і Беларусь усю ў гэтым акопе, дзе яна зараз знаходзіцца.

Таму што, як мы казалі, калі пачынаць ужо шукаць нейкія змовы, гісторыя паказвае, што не могуць супыніцца людзі. Ва ўсіх рэвалюцыях. Калі пачыналіся змовы, то ў дзяржаве змовы, шпіёны, інаагенты — яно толькі прагрэсіравала, пакуль там штосьці не мянялася значнае ў сістэме.

Як зазначыў былы палітзняволены, пасля таго працэса пазней ён сустрэў у зняволенні людзей, якіх судзілі паводле тых жа самых фармуліровак, якія былі выкарыстаныя на судзе над ім і Марыяй Калеснікавай.

Максім Знак на працягу чатырох гадзін прамаўляў на судзе сваё апошняе слова. Казаў пра юрыдычныя аспекты справы, а таксама пра наступствы.

Пошук ворагаў і стварэнне злачынства, калі злачынства няма, — гэта вельмі небяспечны працэс для любой дзяржавы. І што самае цікавае, ён небяспечны нават для тых, хто гэта робіць, таму што яны становяцца таксама ахвярамі.

Максім Знак, былы палітзняволены, адвакат

— Мы ведаем гісторыю таго ж 38-га года, як гэта ўсё адбывалася ў Беларусі. Мы ведаем гісторыю, як і чым скончыўся тэрор у Францыі. То бок, іх лёс, тых, хто пачынае махляваць правам, ён такі самы.

Адказваючы на пытанне журналісткі Настассі Роўды, ці спадзяецца Максім Знак на справядлівасць у будучыні, ён адказаў:

— А як можа быць інакш? У будучым, дарэчы, справядлівасць ёсць заўсёды. Проста будучыня можа быць праз год, праз пяць, праз сто гадоў, але зрэшты ўсё па справядлівасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)