Политика

Карбалевіч: «Паказная дэманстрацыя ляяльнасьці спатрэбілася Лукашэнку, каб апраўдацца за дзеяньні, якія не даспадобы Крамлю»

Рэжым Лукашэнкі імкнецца да геапалітычнага балянсаваньня, каб унікнуць тых праблем, зь якімі сутыкаецца Расея ў выніку вайны з Украінай. Дыялёг паміж Беларусьсю і ЗША для афіцыйнага Менску — самы пэрспэктыўны зьнешнепалітычны праект апошніх гадоў, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным пад Масквой, 29 жніўня 2026 году

Дэманстрацыя ляяльнасьці

Камэнтатары актыўна абмяркоўваюць сувязь паміж візытамі ў Маскву дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа і Аляксандра Лукашэнкі. Можна меркаваць, што сувязь ёсьць, але, хутчэй, не наўпроставая, а ўскосная.

Найперш варта зазначыць, што апошняя паездка Лукашэнкі ў Расею не зусім звычайная. Ня толькі таму, што візыт расьцягнуўся на тры дні. Заўважна тое, што Аляксандар Лукашэнка быў вымушаны сустракацца зь кіраўніком ураду РФ Міхаілам Мішусьціным, што адбываецца рэдка, а ў Маскве — увогуле ўпершыню.

Таксама зьвяртае на сябе ўвагу тое, што і ў інтэрвію прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына, і ў рэпліках Аляксандра Лукашэнкі падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным гучалі словы «праблемы», «складанасьці», «цяжкасьці». І падчас сустрэчы зь Мішусьціным, і на перамовах з Пуціным Лукашэнка паўтараў думку: «Мы сьвята выконваем усе дамоўленасьці».

Можна меркаваць, што такая публічная і паказная дэманстрацыя ляяльнасьці спатрэбілася Лукашэнку, каб апраўдацца за нейкія дзеяньні, якія не даспадобы Крамлю. Пра што можа ісьці гаворка?

Што непакоіць Крэмль?

Цяпер Уладзімір Пуцін не хавае, што шукае кропкі пералому ў вайне супраць Украіны, ход якой складаецца неспрыяльна для Расеі. Адзін з магчымых варыянтаў — больш актыўны ўдзел Беларусі ў ваенным канфлікце.

Але, падобна, Лукашэнка імкнецца ўхіліцца. Бо ўвязвацца ў вайну, якая ідзе не на карысьць Расеі, было б палітычным самагубствам для цяперашняга беларускага рэжыму. Асабліва на тле таго, што беларуская тэрыторыя, як і расейская, цяпер уразьлівая для ўкраінскіх бесьпілётнікаў. А Расея ў выпадку эскаляцыі наўрад ці зможа аказаць Беларусі дастатковую дапамогу, бо сама сутыкаецца з сур’ёзнымі ваеннымі праблемамі.

Другое супярэчлівае пытаньне для беларуска-расейскіх адносін — працяг перамоўнага працэсу Беларусі з ЗША. 30 жніўня спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джон Коул у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» заявіў: «Праз пару тыдняў я зноў зьбіраюся паехаць у Беларусь і спадзяюся дамагчыся вызваленьня яшчэ большай колькасьці палітвязьняў. Думаю, што мне гэта ўдасца».

Беларуска-амэрыканскі перамоўны працэс, які пачаўся паўтара году таму з прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа, — новая зьява ў замежнай палітыцы Беларусі. Для афіцыйнага Менску — гэта самы пэрспэктыўны праект апошніх гадоў, тое зьвяно, ухапіўшыся за якое, ён спрабуе пацягнуць за сабой вырашэньне цэлага шэрагу назапашаных праблем.

Да пошуку дамоўленасьцяў з ЗША падштурхоўвае якраз хада расейска-ўкраінскай вайны. Расея з галоўнага абаронцы і спонсара рэжыму Аляксандра Лукашэнкі можа хутка ператварыцца ў асноўную праблему. Таму варта шукаць новыя магчымасьці на заходнім кірунку ці хоць бы нэўтралізаваць рызыкі з таго боку.

Паўгадавая паўза ў дыялёгу

Былы спэцпрадстаўнік ЗША па Ўкраіне Кіт Кэлаг днямі заявіў у інтэрвію ўкраінскай журналістцы Раміне Эсхакзай, што галоўнай мэтай кантактаў Вашынгтону з Аляксандрам Лукашэнкам было атрымаць дадатковы канал сувязі з Уладзімірам Пуціным. Аднак Кэлаг наведаў Менск у чэрвені 2025 году.

За гэты час шмат што памянялася. Цікаўнасьць ЗША да тэмы замірэньня Расеі і Ўкраіны зьменшылася з розных прычынаў. Роля беларускага каналу ў амэрыканскіх спробах дамовіцца з Расеяй, выглядае, зьменшылася. І атрымалася, што ў цэнтры перамоўнага працэсу аказалася тэма палітвязьняў.

Аднак беларуска-амэрыканскі перамоўны працэс быў прыпынены амаль на паўгоду. Здаецца, бакі ўпёрліся ў нейкую столь. Папярэдняя схема палітычнага абмену — аслабленьне санкцыяў у абмен на вызваленьне палітвязьняў — у значнай ступені вычарпалася. Абодва бакі, як выглядае, трохі расчараваныя ў партнэрах па перамовах.

З аднаго боку, Лукашэнка разьлічваў, што ЗША націснуць, прымусяць ЭЗ скасаваць санкцыі адносна Беларусі. У інтэрвію арабскаму тэлеканалу «Аль Арабія» 12 чэрвеня ён казаў: «Калі амэрыканцы захочуць націснуць або паўплываць на некаторыя эўрапейскія краіны, яны гэта могуць зрабіць.

На некаторыя краіны яны ўплываюць. Нядрэнна было б, калі б амэрыканцы ў гэтым пляне дапамаглі з нашымі суседзямі нармалізаваць адносіны. Мы ад любой дапамогі не адмаўляемся».

Вядома, што ЗША прапанавалі Літве, Польшчы і Ўкраіне дазволіць транзыт беларускага калію праз свае парты. Аднак да нейкага сур’ёзнага ціску ў гэтым пляне справа не дайшла.

Ня спраўджваюцца і спадзяваньні зацікавіць амэрыканцаў беларускім каліем. Лукашэнка прапанаваў ЗША купіць адзін з калійных актываў — «Нетры Нежын». І тыя, нібыта, «думаюць». Мяркуючы з усяго, вялікай цікавасьці няма. Бо Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі. Актыў абцяжараны пазыкамі. Менск, відаць, просіць немалую цану за гэтае радовішча.

З свайго боку, ЗША могуць быць расчараваныя адмовай Лукашэнкі спыняць рэпрэсіі і стварэньнем перашкод дзеля вызваленьня палітвязьняў.

Пошук новага парадку дня

Тым ня менш, гледзячы па публічных кроках, абодва бакі зацікаўленыя працягваць дыялёг. Відаць, Менск і Вашынгтон шукаюць новы парадак дня.

28 ліпеня Аляксандар Лукашэнка дэманстратыўна вынес на публіку факт сустрэчы з пастаянным прадстаўніком Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Валянцінам Рыбаковым, які вядзе перамовы з Джонам Коўлам. Бакі абмяняліся лістамі. Тым самым Менск акцэнтуе ўвагу на цікавасьці да тэмы перамоваў з ЗША.

У сваю чаргу Джон Коўл пэрыядычна дае інтэрвію ці сьцісла камэнтуе ў сацыяльных сетках працэс перамоваў з афіцыйным Менскам. Прычым асноўная думка, якая гучыць зь ягоных рэплік — хуткае вызваленьне палітвязьняў. Гэта тэма важная для Вашынгтону, бо дазваляе дэманстраваць посьпех на гуманітарным трэку.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што ў згаданым інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Коўл заявіў пра 700-800 вызваленых палітвязьняў у выніку візытаў амэрыканскай дэлегацыі («Мы дабіліся вызваленьня пяцісот, затым яшчэ каля двухсот былі памілаваны»). Гэтая лічба істотна большая за колькасьць вызваленых у рамках публічна вядомых дамоўленасьцяў з амэрыканскім бокам — каля 500.

Ці перамовы Менску з Вашынгтонам раздражняюць Маскву?

На ўсю гэтую гульню кіраўніцтва Беларусі з ЗША Крэмль глядзіць з падазрэньнем. Варта адзначыць, што перамоўны працэс паміж Менскам і Вашынгтонам зайшоў далей, чым дыялёг ЗША з Расеяй. Там гаворка пра адмену санкцый не ідзе, а адносна Беларусі Злучаныя Штаты ўжо скасавалі шэраг істотных санкцыяў, у тым ліку абмежаваньні адносна «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі.

Да таго ж перамовы ЗША з Расеяй наконт замірэньня, заканчэньня вайны РФ супраць Украіны прыпыненыя і калі адновяцца — незразумела.

Беларусь уступіла ў створаную Трампам Раду міру, Лукашэнка мае пляны наведаць саміт гэтай арганізацыі ў Вашынгтоне. А Расея не пагадзілася далучыцца да гэтай структуры. У Маскве з падазрэньнем глядзяць на спробы вяртаньня беларускага экспарту праз літоўскі порт ці пляны продажу калійнага радовішча амэрыканцам.

Таму цяперашні візыт дырэктара ЦРУ ў Маскву ў пэўным сэнсе можа легітымізаваць перад Крамлём працяг дыялёгу Беларусі і ЗША. Статус Джона Рэткліфа значна вышэйшы за пасаду Джона Коўла. Цяпер Крамлю псыхалягічна цяжэй запярэчыць перамовам Менску з Вашынгтонам, калі сама Масква падтрымлівае кантакты з ЗША на больш высокім узроўні.

Можна меркаваць, што Лукашэнка прасіў Пуціна ці то даць дазвол, ці не пярэчыць працягу дыялёгу кіраўніцтва Беларусі і ЗША. Бліжэйшыя тыдні пакажуць, якой шырыні поле для манэўру мае цяпер афіцыйны Менск, ці ёсьць прастора для геапалітычнага балянсаваньня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)