Скандалы

Пад Расонамі затрымалі 350 удзельнікаў турзлёту

Пад Расонамі затрымалі ўдзельнікаў штогадовага злёту, які праводзяць беларускія прадстаўнікі руху «Сям'я вясёлкі» (Rainbow Family), паведамляе Віцебская Вясна.

Рух «Сям'я вясёлкі» аб'ядноўвае прыхільнікаў ідэі гарманічнага суіснавання з прыродай і пратэсту супраць умоўнасцяў капіталістычнага грамадства. Злёты праводзяцца у маланаселеных месцах, палатачныя гарадкі ставяць паблізу вадаёмаў.

На тых, хто хацеў адпачыць на прыродзе і сустрэцца са старымі сябрамі, 29 ліпеня здзейснілі міліцэйскі налёт. Людзей затрымлівалі цэлымі сем'ямі. Разам з дарослымі ноч у ІЧУ былі вымушаныя правесці і некалькі дзяцей, пішуць праваабаронцы.

На затрыманых склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і папярэдзілі, што на працягу двух месяцаў іх чакае суд. Інфармацыя пра інцыдэнт удакладняецца.

Падобная гісторыя адбылася ў Віцебску ў 2025 годзе, калі замежныя студэнты са Шры-Ланкі сабраліся разам, каб адзначыць нацыянальны Новы год. Каля 300 юнакоў і дзяўчат зладзілі традыцыйную супольную імпрэзу, нават не падумаўшы, што трэба папярэдне атрымаць дазвол ад мясцовых уладаў.

Міліцыянты палічылі святкаванне парушэннем закона і кваліфікавалі яго як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. У выніку міліцыя затрымала больш за 300 замежнікаў. Гісторыя набыла розгалас у медыя напачатку 2026 года, калі ўнутраныя міліцэйскія дакументы трапілі ў публічны доступ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(8)