Рыжычэнка: «Фактычна мы бачым прыватызацыю сваім людзям за капейкі»
Эканамістка каментуе чарговы схематоз дзяржавы, гэтым разам у сферы АПК.
Аляксандр Лукашэнка 27 жніўня правёў нараду па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця. На ёй у тым ліку абмеркавалі спецыяльны праект указа, які прадугледжвае продаж некаторых сельскагаспадарчых арганізацый Віцебскай вобласці кампаніі «Сервалюкс» за адну базавую велічыню.
Эканамістка Аліса Рыжычэнка пракаментавала такое рашэнне ўладаў, а таксама адвечную тэму збору ўраджаю: чаму ўладам так важна намалаціць за сезон менавіта 10 мільёнаў тон збожжа.
— Кожны год мы бачым адно і тое ж: ставіцца задача сабраць 10 мільёнаў тон ураджаю. Летась сабралі нават крыху больш — 11 мільёнаў. Але пасля ачысткі, калі адсеялі смецце і г.д., засталося крыху менш за 9 мільёнаў тон, — кажа Рыжычэнка ў эфіры Еўрарадыё. — Тым больш, што гэта не толькі збожжа, але таксама кукуруза і рапс.
То бок гэтыя злашчасныя 10 мільёнаў тон збожжа ніяк не сабраць. Але пытанне ў іншым: для чаго нам 10 мільёнаў тон і чаму ўлады так «спрыяюць» таму, каб іх сабралі? Гэта проста сакральная лічба, больш сэнсу ў ёй няма.
— Для ўнутраных патрэбаў Беларусі — харчавання, хлеба, мукі — патрэбна каля 3–4 мільёнаў тон. Астатняе ідзе на корм для жывёлагадоўлі. І тут прамая сувязь, бо жывёлагадоўля з’яўляецца важнай часткай экспарту мяса і малака ў тую ж Расію. Таму для чыноўнікаў важна, каб гэтая лічба гучала.
Ну і гучыць жа як — 10 мільёнаў тон. Лічба, якая сімвалізуе, што ў беларускай сельскай гаспадарцы ўсё добра, усё працуе. Але кожны год ёсць праблемы, якія назапашваюцца. Цяпер мы бачым тое самае: у сельскай гаспадарцы няма людзей, тэхнікі, запчастак і паліва для гэтай тэхнікі. Амаль што толькі пакістанцы і індусы, якіх прывозяць, ратуюць нашу сельскую гаспадарку.
Ёсць таксама пытанне па Віцебскай вобласці і сельскай гаспадарцы, якое ўздымаецца на пасяджэннях ўжо трэці раз за год. Гэта сведчыць пра тое, што дзяржаўная мадэль АПК наогул не працуе, яе фактычна прызналі банкрутам. Бо абмяркоўваўся не толькі збор ураджаю, але і перадача сельгасарганізацый у прыватную ўласнасць на пэўных умовах.
Фактычна мы бачым прыватызацыю сваім людзям за капейкі. Гэта заўсёды адбывалася ў беларускай эканоміцы, у тым ліку з прамысловымі прадпрыемствамі. Але цяпер гэта робіцца дэманстратыўна, што пацвярджае: тыя метады і захады, якія ўлада прадпрымае кожны год, не працуюць. Ужо відавочна, што трэба рабіць, але ўлады ўсё роўна стаяць на сваім і чагосьці чакаюць — магчыма, каб вёскі наогул перасталі існаваць, бо ўсё ідзе ў гэтым напрамку.
Сітуацыю з продажам сельгаспрадпрыемстваў эканамістка каментуе так:
— Гаворка ішла пра 10 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў плюс «Віцебскі бекон». Іх прадаюць за адну базавую велічыню — 45 рублёў. Пры гэтым усе запазычанасці і абавязальніцтвы перакладаюцца на інвестара. А ў дадзеным выпадку гэта кампанія «Сервалюкс», якая належыць Машэнскаму.
Яны пабачылі добры прыклад: Машэнскі нешта зрабіў з калгасам, які яму перадалі. У яго быў запас грошай, каб ратаваць гэтае прадпрыемства, і зараз яму прадаюць яшчэ 10 сельгаспрадпрыемстваў.
Ніхто ў добрым розуме з замежных інвестараў не прыйдзе ў Беларусь купляць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, пакуль няма права ўласнасці на зямлю, няма абароны правоў інвестараў, усё нестабільна і ў любы момант могуць забраць твае актывы.
«Кола сваіх» або «кашалькі» (рэжыму — С.) месцамі не маюць магчымасці ад гэтага адмовіцца: маўляў, у вас ёсць грошы — ратуйце дзяржаўныя прадпрыемствы. Гэта таксама адзін з варыянтаў рэнтнай эканомікі, якая заўсёды працавала ў Беларусі.
Калі ёсць дзяржаўныя актывы, іх фактычна за нейкі бясцэнак перадаюць набліжаным бізнесменам, і яны нешта робяць: укладаюць грошы ці пагашаюць даўгі. Але потым не ўкладаюцца ў гэтыя прадпрыемствы такім чынам, каб ад гэтага зарабляла дзяржава. А ўкладаюць так, што атрымліваюць зніжкі па падатках ці наогул іх не плацяць, скарачаюць колькасць працоўных месцаў, і дзяржава нічога ад гэтага не атрымлівае.
Я не супраць прыватызацыі. Добра, калі прыватызуюцца стратныя прадпрыемствы, у іх укладаюцца інвестыцыі — гэта так і павінна працаваць. Але дзяржава павінна на гэтым зарабляць. Гэта не павінен быць нейкі закрыты схематоз, які не дазваляе ўдзельнічаць у гэтым конкурсе простым беларусам, тым, хто жыве ў гэтым рэгіёне, іншым прыватным бізнесменам, якія не маюць дачынення да ўладаў, але ў якіх ёсць жаданне весці сельскую гаспадарку.
Правядзіце адкрыты тэндар, каб беларусы бачылі, што адбываецца, каму перадаецца прадпрыемства і хто цяпер за яго адказвае. А то цяпер Лукашэнка дае ўказ: прадавайце як свае, але не прадавайце. Нічога не зразумела. Па некаторых прадпрыемствах перадаюцца даўгі, але ўласнасць застанецца дзяржаўнай.
Гэта схематоз, які незразумела да чаго прывядзе. Ці да таго, што прыватныя прадпрыемствы таго ж Машэнскага будуць страчваць свае прыбыткі, бо яны будуць ісці на падтрымку стратных аграрных комплексаў. Ці, наадварот, яны трошкі ўкладуць і выратуюць гэтыя комплексы, але потым будуць, як кажуць, «здымаць вяршкі», пакуль ёсць магчымасць. Але пытанне тады ў тым, што з гэтага атрымае дзяржава. Гэта звычайная рэч для рэжыму Лукашэнкі, калі ён без ведама беларускіх грамадзян перадае тое, што ім належыць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное