Война

«Танк за 30 мільёнаў еўра можа быць знішчаны дронам за 300 еўра»

Беларускі добраахвотнік расказаў Нашай Ніве, што сёння насамрэч вырашае вайну.

Уладзіслаў «Соня» Салавей. Фота тут і далей: з яго ўласнага архіву

За чатыры з паловай года поўнамаштабнай вайны Расія і Украіна фактычна перапісалі правілы сучаснай вайны. Танкі і самалёты ўжо не вызначаюць ход баявых дзеянняў, а на фронце ўсё часцей перамагае той, хто лепш выкарыстоўвае дроны і здольны адрэзаць праціўніка ад боепрыпасаў, паліва і падмацавання.

Беларускі добраахвотнік Уладзіслаў Салавей з пазыўным Соня, які цяпер ваюе ў складзе Нацыянальнай гвардыі Украіны, адкрыў збор на аўтамабіль для свайго падраздзялення. У размове з «Нашай Нівай» ён патлумачыў, чаму машына сёння — адна з найважнейшых рэчаў на фронце, а таксама расказаў, як за чатыры гады цалкам змяніліся тактыка, выведка і сама логіка вайны.

Ад Акрэсціна да фронту

Да 2020 года Уладзіслаў Салавей жыў зусім звычайным жыццём. Нарадзіўся і вырас у Мінску, вывучыўся на юрыста, працаваў у розных сферах, любіў падарожнічаць. Пра сябе таго часу кажа проста: «Палітыкай я ніколі не цікавіўся».

Але жнівень 2020‑га ўсё змяніў. Уладзіслаў выйшаў на пратэсты і апынуўся на Акрэсціна, у адной з камер на першым паверсе, дзе правёў некалькі дзён, з 9 па 12 жніўня. Пасля вызвалення вярнуцца да ранейшага жыцця ён ужо не змог.

– Калі мяне адпусцілі, я ўжо неяк змяніўся. Шмат хто тады з'язджаў з Беларусі, а я, наадварот, вырашыў застацца. Гэта была такая мая ўнутраная форма пратэсту, – згадвае Уладзіслаў.

На фронт ён прыехаў у пачатку 2023 года. Спачатку быў кулямётчыкам у пяхоце, пасля стаў камандзірам аддзялення лінейнай пяхоты. А затым — камандзірам выведгрупы, якая складаецца з замежнікаў.

– У нас была сапраўдная зборная з усіх куткоў свету: новазеландзец, японец, ірландзец, англічанін, канадзец, француз, італьянец, некалькі амерыканцаў, аўстраліец. Я добра размаўляю па-англійску, таму і атрымаў такую інтэрнацыянальную групу, – апісвае Уладзіслаў.

За гэты час ён паспеў стаць адным з камандзіраў Палка Каліноўскага. Сёння ён застаецца каліноўцам, але служыць ужо ў Нацыянальнай гвардыі Украіны.

– Байцы Палка Каліноўскага цяпер знаходзяцца ў розных падраздзяленнях, – тлумачыць ён. – Зараз мы фарміруем новае падраздзяленне.

«Гэта ўжо зусім іншая вайна»

Галоўная змена, якую назірае Уладзіслаў за гэтыя гады, датычыцца самой логікі вайны.

– Вайна змянілася татальна. Мне яна вельмі нагадвае Першую сусветную. Яе пачыналі людзі фактычна на конях, без касак, у мундзірах, якія яшчэ засталіся з напалеонаўскіх часоў. А скончылі ўжо ў касках, бронекамізэльках, з кулямётамі, танкамі і авіяцыяй. За чатыры гады адбыўся неверагодны тэхналагічны скачок, які цалкам змяніў дактрыну вайны. Тое самае адбываецца цяпер ва Украіне, – распавядае Уладзіслаў.

Паводле яго, у 2022 годзе баявыя дзеянні яшчэ вяліся паводле правіл XX стагоддзя. Танкавыя калоны, штурмавая пяхота ў вялікай колькасці, артылерыя, верталёты — усё гэта заставалася асноўнымі інструментамі вайны.

– Калі я прыйшоў на фронт, мы яшчэ ваявалі так, як людзі ўяўляюць сабе вайну. У нас быў непасрэдны кантакт з праціўнікам. Мы сядзелі ў траншэях, паміж намі і праціўнікам было 100‑150 метраў. Хадзілі з гранатамётамі, каб падбіць танк. Працавалі цяжкія кулямёты. Хаваліся ў бліндажах ад артылерыі, – згадае ваяр.

Але ўсё змянілася пасля таго, як на полі бою масава з'явіліся дроны:

– Яны змянілі наогул усё. Лінія фронту цяпер — гэта ўжо не дзве рыскі на мапе. Яна больш нагадвае цеплавую карту або карту надвор'я: дзесьці канцэнтрацыя большая, дзесьці меншая. Пяхотная выведка, якой мы займаліся раней, амаль страціла сваю актуальнасць, яна ператварылася ў аэравыведку.

На яго думку, нават танкі, якія яшчэ некалькі гадоў таму лічыліся сімвалам сучаснай вайны, сёння страцілі сваю былую ролю:

– Яшчэ ў пачатку вайны танкі пасля з'яўлення «Джавелінаў» усё часцей выкарыстоўвалі як мабільную артылерыю. А цяпер яны фактычна зніклі з поля бою. Любая бранятэхніка стала проста вялікай дарагой рухомай мішэнню.

Дроны прымусілі змяніць нават тое, як сёння выглядаюць танкі. Раней танкі абаранялі ад кумулятыўных снарадаў і ракет. Цяпер галоўная пагроза — гэта дрон. Таму замест складанай брані з'явіліся ўсе гэтыя рашоткі, «мангалы», якімі цяпер абвешваюць любую тэхніку.

Таму нам смешна, калі еўрапейцы выпускаюць новыя «Леапарды» не тое каб без «мангалаў», нават без якой-небудзь актыўнай брані. Яны вельмі прыгожыя, немцы ўмеюць рабіць прыгожа. Але танк за 30 мільёнаў еўра можа быць знішчаны адным дронам за 300 еўра праз дзве хвіліны пасля пачатку бою.

Яшчэ больш радыкальна, лічыць ён, змянілася авіяцыя:

– Уся авіяцыя цяпер — гэта дроны. Самалёты пакуль выкарыстоўваюць толькі таму, што ім яшчэ не знайшлі паўнавартасную замену. Але я перакананы: у межах гэтай вайны і яны паступова будуць сыходзіць у мінулае, гэта пытанне часу.

«Цяпер перамагае той, хто адразае лагістыку»

Уладзіслаў тлумачыць: сёння поспех аперацыі на фронце вырашае пераразанне лагістыкі з дапамогай дронаў.

– Мы вельмі хутка зразумелі: калі дронамі ўзяць пад кантроль усе падыходы да першай лініі, дзе знаходзіцца пяхота, то саму пяхоту можна нават не штурмаваць. Людзі не могуць зайсці, не могуць выйсці, не могуць вывезці параненых ці падвезці боепрыпасы. Так, ім яшчэ могуць скінуць дронам ваду ці ежу. Але чалавек месяцамі не можа сядзець на пазіцыі без нармальнай ратацыі. Ён проста страчвае баяздольнасць і раней ці пазней ламаецца. І альбо іх дабіваюць там тымі ж самымі дронамі, альбо ў рэдкіх выпадках заходзяць байцы малымі групамі, каб іх дабіць, – распавядае Уладзіслаў.

Гэта, кажа ён, працуе на ўсіх узроўнях вайны — ад бою за невялікую лесапаласу да ўдараў па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах:

– Стратэгічныя ўдары па НПЗ — гэта таксама пра лагістыку. Няма паліва — няма лагістыкі. А без лагістыкі не працуе нічога.

Менавіта таму цяпер яго падраздзяленне ўжо не нагадвае выведку ў тым выглядзе, якой яна была яшчэ некалькі гадоў таму:

– Раней я два з паловай гады бегаў з аўтаматам па пасадках. Гэта, канечне, нікуды не знікла цалкам. Але сёння выведка — гэта перш за ўсё дроны. Мы знаходзім праціўніка і пераразаем яму лагістыку, ствараем фактычнае акружэнне. А ўжо пасля, калі трэба, дабіваем тое, што засталося.

Уладзіслаў адзначае: сучасная вайна ўсё радзей патрабуе вялікіх пяхотных штурмаў.

– Проста кінуць людзей у атаку сёння — гэта вельмі дорага. Перад любым штурмам цяпер павінна быць велізарная праца дронаў. Калі яна зроблена правільна, то сам штурм можа і не спатрэбіцца. Людзі проста адыходзяць самі. Ад страху, ад таго, што ў іх няма ежы, боепрыпасаў, магчымасці атрымаць дапамогу. Тыя, хто не адыходзяць, будуць забітыя дронамі. Але тыя, хто паспрабуюць адысці, таксама будуць забітыя дронамі падчас адыходу, – кажа наш суразмоўца.

Пры гэтым ён свядома не раскрывае ўсіх падрабязнасцяў працы свайго падраздзялення.

– Мы зараз фарміруем новую групу ў складзе штурмавога падраздзялення. І таму цяпер нам патрэбны транспарт, – падкрэслівае Уладзіслаў.

«Без машыны ты проста без рук»

Ён заўважае: калі раней машыны масава выкарыстоўваліся для таго, каб падвозіць байцоў непасрэдна ў кропку, то цяпер гэтага ўжо амаль няма. Варожыя дроны проста не дадуць туды даехаць. На апошнія кіламетры людзі ідуць пешшу. Але другая і трэцяя лінія — вось гэтыя лагістычныя хабы, дзе знаходзяцца стартавыя пляцоўкі для FPV-дронаў, разведвальных дронаў, «мідл-страйкаў», — усё гэта нікуды не знікла. І ўсё гэта трымаецца на аўтамабілях.

– Машына незамяняльная практычна паўсюль: паехаць на палігон, забраць дроны, даехаць да пункта перагрузкі. Калі гэта наземны рабатызаваны комплекс, яго трэба прывезці на прычэпе. Калі гэта вялікія дроны — таксама. Калі трэба падвезці ваду, ежу, акумулятары, генератары — таксама патрэбна надзейная машына.

Мы як залежалі ад машын, так і залежым. Нават больш. Аўтамат сёння ўжо не такі неабходны, таму што ўжо не так страляюць, як тры гады таму. А вось калі ў цябе няма машыны — ты проста без рук. Пешшу ты што будзеш рабіць? Як павязеш боепрыпасы? Як давязеш ежу і ваду? Як даставіш людзей? – кажа добраахвотнік.

Але, як высветлілася, для франтавікоў аўтамабілі — гэта не проста тэхніка. Пра адну са сваіх машын Уладзіслаў расказвае так, нібы гаворка ідзе пра старога сябра:

– У мяне ёсць «Хонда», бітая-перабітая. Я нават «Пагоню» на дзвярах намаляваў. Мне здаецца, гісторыя гэтай машыны цікавейшая, чым у многіх салдат. У яе перагонцы ўдзельнічаў журналіст Мікіта Мелказёраў, грошы на яе збіралі рабяты з Оксфарда, – кажа ваяр.

Тая самая «Хонда»

– Спачатку на ёй ездзіў камандзір нашага палка Дзяніс «Кіт». Мы з ім увесь Купянск і яго ваколіцы аб'ездзілі зімой 2023 года: наладжвалі ўзаемадзеянне з сумежнымі падраздзяленнямі. Асабліва запомніліся хлопцы з 103 брыгады 202‑га асобнага батальёна тэрытарыяльнай абароны. Спадзяюся, яны ўсе жывыя і ў іх усё добра. Сам «Кіт» шмат распавядаў мне пра вайну і дзяліўся важным досведам, пакуль мы ездзілі па прасёлкавых дарогах і закінутых вёсках.

Пазней на гэтую «Хонду» перасеў другі мой добры баявы пабрацім — маёр Дэйв Сміт з Канады. Ён стаў маім ментарам, навучыў планаванню і таму, што галоўнай зброяй з'яўляецца галава, а не вінтоўка. «Whiteboards win wars» (гэта вядомы англамоўны вайсковы выраз, які азначае, што войны выйграюцца не толькі на полі бою, але і ў штабах — праз добрае планаванне. – НН) — так ён заўсёды паўтараў.

Потым машыну зноў рэанімавалі, і ўжо я ездзіў на ёй у Нацыянальнай гвардыі. Колькі яна прайшла па гэтых выбоінах, колькі людзей перавезла, колькі працы зрабіла.

Уладзіслаў Салавей (справа) і Дэйв Сміт з Канады (злева)

А пасля ён згадвае яшчэ адзін аўтамабіль — Toyota Hilux, грошы на які збірала беларуская спявачка Маргарыта Ляўчук. Яна дапамагала і працягвае дапамагаць беларускім ваярам:

– Машыну нам прыгналі з Англіі. Мы называлі яе проста «тачка Ляўчук». На ёй мы ездзілі яшчэ пад Купянскам. Аднойчы праз маю памылку кіроўца паехаў не па той дарозе. Машына заблыталася ў путанцы і спынілася літаральна за паўметра ад супрацьтанкавых мін. Яшчэ крыху — і кіроўца з пасажырамі ў машыне загінулі б на месцы. Пазней гэты аўтамабіль прыйшлося літаральна выцягваць з-пад агню. Па машыне стралялі, выбілі шкло, пасеклі дзверы.

Хтосьці сказаў: ды кіньце ўжо яе. А мы адказалі:

– Не. Машыну Ляўчук мы адтуль дастанем.

Ноччу арганізавалі цэлую выратавальную аперацыю. Зімой уціхара палезлі да гэтай машыны, паўночы рэзалі дрот, замянілі ўсе колы, завялі яе і ўсё ж выцягнулі. Пасля адрамантавалі — і яна зноў працавала ўжо на Запарожскім кірунку. Вядома, робіцца шкада, калі гэтыя машыны разбіваюцца, столькі гісторый з імі звязана.

За чатыры гады вайны знайсці добры ўседарожнік стала значна складаней:

– На пачатку вайны гэтыя старыя джыпы каштавалі капейкі. Іх ніхто масава не купляў. Але за чатыры гады ўсё, што можна было, ужо літаральна выграблі. Машына, якая тады каштавала пяць тысяч еўра, сёння абыдзецца ўжо ў дзесяць. І тое яшчэ пашукаць трэба, каб не знайсці нейкую разваліну. Пры гэтым яны ўсё роўна хутка выходзяць з ладу праз разбітыя дарогі, вялікія нагрузкі і, вядома, дроны, – кажа Уладзіслаў.

Менавіта таму нават адкрыты цяпер збор, прызнаецца ён, не пакрые ўсіх выдаткаў:

– Мы хацелі адкрыць збор на большую суму. Але вырашылі не нахабнічаць і паменшылі. Хоць насамрэч гэтых грошай усё роўна не хопіць. Будзем яшчэ шукаць дапамогу ва ўкраінцаў.

Пры гэтым, падкрэслівае ён, украінская армія і валанцёры таксама робяць усё, што могуць:

– Яны і так надрываюцца, забяспечваючы свае падраздзяленні. Канечне, нешта дапамагаюць і нам. Але на ўсіх гэтага проста не хапае. Калі вайна толькі пачалася, быў вялікі паток дапамогі. Былі машыны, былі грошы, людзі гарэлі жаданнем дапамагаць. Цяпер прайшло ўжо некалькі гадоў. Людзі стаміліся, у кожнага сваё жыццё, свае праблемы. Мы таксама стаміліся. Але нашы патрэбы ад гэтага нікуды не зніклі.

«Расіяне і ўкраінцы вучацца адны ў другіх»

За чатыры гады змяніліся не толькі тэхналогіі, але і тактыка абедзвюх армій. Пры гэтым, кажа Уладзіслаў, Украіна і Расія ўсё часцей дзейнічаюць люстэркава:

– Тактыка вельмі падобная. Яна змянялася адначасова, таму што яны ваююць адзін супраць аднаго. Адны нешта прыдумалі — другія падгледзелі і пачалі рабіць тое ж самае.

Адно з галоўных адрозненняў, на яго думку, у тым, што Украіна раней зрабіла стаўку на развіццё беспілотных сістэм:

– Украінцы раней стварылі асобныя Сілы беспілотных сістэм. Расіяне паглядзелі на гэта і таксама падцягнуліся. Цяпер у іх таксама ёсць вельмі моцныя падраздзяленні аператараў дронаў.

Яшчэ адна прыкмета сучаснай вайны — амаль поўнае знікненне суцэльнай лініі фронту:

– Раней была бесперапынная лінія траншэй: вось мы, вось яны. Зараз такога няма. Паміж пазіцыямі можа быць паўкіламетра. Усё кантралюецца зверху дронамі. Як толькі надвор'е перашкаджае назіранню — дождж, туман, — расіяне адразу актывізуюцца. Замест масіраваных атак цяпер усё часцей выкарыстоўваецца тактыка малых груп. Яны могуць тыдзень па адным-два чалавекі пераходзіць у нейкі падвал. Адзін прайшоў — ну і прайшоў. Другі прайшоў — таксама нічога асаблівага. А праз тыдзень іх там ужо дваццаць чалавек. І пасля паспрабуй іх адтуль выбіць.

Менавіта супраць такіх груп цяпер працуюць былыя выведчыкі:

– Тое, чым я займаўся раней, таксама не знікла цалкам. Цяпер былыя выведчыкі і штурмавікі ўсё часцей становяцца контрдыверсійнымі групамі. Мы шукаем тых, хто ўжо прасачыўся ў тыл, і ўжо там з імі працуем.

Разам з тым адна істотная перавага Расіі, паводле суразмоўцы, пакуль захоўваецца:

– Яны масава выкарыстоўваюць кіраваныя авіябомбы. Я гэтай зімой і вясной правёў 57 дзён пад Харкавам. Вёска, дзе мы стаялі, была лагістычным вузлом — сувязісты, дроншчыкі. І яны проста метадычна зносілі яе дом за домам. Калі я туды прыйшоў, гэта была яшчэ вёска. Праз 57 дзён ад яе амаль нічога не засталося.

Пры гэтым галоўную стаўку ўкраінцы працягваюць рабіць на беспілотнікі:

– У расіян больш людзей. Яны могуць дазволіць сабе закідваць пазіцыі гэтымі малымі групамі — пушачным мясам. Трэба разумець — гэтыя людзі фактычна ідуць у адзін канец. Украіна так не можа. І маральна, і проста таму, што людзей няма ў такой колькасці. Таму ўкраінцы значна больш абапіраюцца на дроны і тэхналогіі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)